У вёсцы Камарова Мядзельскага раёна ўжо больш за год навучаюць і кансультуюць прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў з 4 раёнаў. Пры падтрымцы вопытных трэнераў яны распрацоўваюць бізнес-планы, якія прадстаўляюць на Стартап Уікэндах. Лепшыя бізнес-планы атрымліваюць фінансавую падтрымку.
У былых Стартап Уікэндах маглі прыняць удзел толькі прадпрымальнікі-пачаткоўцы, якія прайшлі навучанне ў Школе сельскага бізнесу ў Камарова. Але ў пятым Стартап Уікэндзе могуць паўдзельнічаць усе жадаючыя адкрыць сваю справу з Мядзельскага, Смаргонскага, Пастаўскага і Астравецкага раёнаў.
Для ўдзелу неабходна падрыхтаваць бізнес-план у адпаведнасці з шаблонам і даслаць яго разам з заяўкай у вучэбна-практычную ўстанову па падтрымцы прадпрымальніцтва «БІКамарова» да 22 чэрвеня 2018 года на электронны адрас: center@komarovo.com.
Дасланыя бізнес-планы будуць ацэньвацца мэнэджэрам адукацыйнай праграмы, які пры неабходнасці будзе даваць рэкамендацыі. Аўтары найбольш перспектыўных бізнес-планаў будуць запрошаны на пяты Стартап Уікэнд, які пройдзе ў ліпені 2018 года ў Камарова.
У час мерапрыемства ўдзельнікам неабходна будзе выступіць з кароткай прэзентацыяй сваёй бізнес-ідэі і адказаць на пытанні журы. Па выніках Стартап Уікенда аўтары лепшых бізнэс-планаў атрымаюць фінансаванне на развіццё свайго бізнесу ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра.
Пры распрацоўцы бізнес-планаў для ўдзелу ў конкурсе мясцовых прыватных ініцыятыў вы можаце скарыстацца кансультацыямі экспертаў па бізнес-планаванню.
Кансультацыі пройдуць па адрасе в. Камарова, вул. Зялёная, 14. Час правядзення кансультацый: 18 чэрвеня з 11.00 да 19.00, 19 чэрвеня з 11 да 17.00. Неабходна папярэдняя рэгістрацыя па тэлефонах: +375 (29) 399-97-89, +375 (29) 777-81-11 (менеджэр адукацыйнай праграмы Ірына Сухій) або па эл.пошце suhisha@gmail.com.
Больш падрабязна з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца ў Палажэнні аб конкурсе мясцовых прыватных ініцыятыў, якое размешчана на сайтах ecopartnerstvo.by і komarovo.com. Тут жа можна спампаваць шаблоны дакументаў для запаўнення.
Конкурс мясцовых прыватных ініцыятыў праводзіцца ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску ў Камарова сельскага бізнес-інкубатара», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Мінску.
Слухачы Школы сельскага бізнесу, якія раней прымалі ўдзел у Стартап Уікэндах, але не набралі патрэбную колькасць балаў, таксама могуць паспрабаваць свае сілы на пятым Стартап Уікэндзе. Для ўдзелу ім неабходна даслаць заяўку і бізнес-план.
Дадатковую інфармацыю аб удзеле ў конкурсе вы можаце атрымаць у ВПУПП «БІКамарова» па тэлефоне +375 (29) 388-86-88, +375 (29) 627-27-89 або па эл.пошце center@komarovo.com.