У Полацку ўвесь чэрвень будзе праводзіцца апытанне, якое дазволіць даведацца, на што гараджане расходуюць электраэнергію і ці гатовы яны змяніць свае звычкі, каб плаціць менш па камунальнаму рахунку. Апытанне з'яўляецца адным з мерапрыемстваў Дзён энергіі – міжнароднай акцыі, якую ў чарговы раз падтрымаў Полацк. Таксама ў яе праграме - інфармацыйныя акцыі і выставы на тэму энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніц энергіі ў бібліятэках, дамах культуры і навучальных установах горада і раёна, экскурсія для школьнікаў на Полацкую ГЭС і многае іншае.
У 2016 годзе палачан ўжо пыталіся, як яны эканомяць электраэнергію і іншыя рэсурсы. Тады ў апытанні прыняло ўдзел больш за тры тысячы чалавек. Паўторнае даследаванне дазволіць зрабіць выснову аб тым, ці сталі палачане за тры гады больш адказна ставіцца да спажывання энергіі ў побыце.
Прыняць удзел у апытанні можна па гэтай спасылцы. Запаўненне апытання зойме не больш за 5 хвілін.
Дні энергіі ў межах Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергіі штогод праводзяцца ў сотнях гарадах па ўсёй Еўропе, прасоўваючы ідэі беражлівых адносін да электраэнергіі, а таксама выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі: сонца, ветру, вады, геатэрмальных крыніц. У мінулым годзе Дні энергіі прайшлі больш чым у 25 гарадах Беларусі, у тым ліку і ў Полацку.
У гэтым годзе асноўныя мерапрыемствы Дзён энергіі ў Полацку пройдуць з 10 па 14 чэрвеня і закрануюць увесь Полацкі раён: школы, каледжы, дзіцячыя сады, бібліятэкі, цэнтры і палацы культуры, гандлёвыя цэнтры і крамы, цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Жыхары Полацкага раёна – малыя, школьнікі, студэнты, дарослыя і пажылыя людзі, гараджане і сельскія жыхары –змогуць прыняць удзел у конкурсах, інфармацыйных і інтэрактыўных праграмах, квэстах, выставах, прадстаўленнях, творчых лабараторыях на тэму энергазберажэння, змены клімату і экалагічнага ладу жыцця. У гандлёвых цэнтрах і крамах горада будуць транслявацца відэаролікі на тэму энергазберажэння і змены клімату, для школьнікаў будуць арганізаваны экскурсіі на Полацкую ГЭС. А ў пабліке «Энергічны Полацк» з 10 па 16 чэрвеня будзе праходзіць анлайн-конкурс «Ратуем планету», дзе можна будзе атрымаць энергаэфектыўныя прызы за лепшы спосаб распавесці дзецям аб эканоміі энергіі і змене клімату.
Падрабязная праграма Дзён энергіі – 2019 у Полацку тут.
Дні энергіі ў Полацку пройдуць у межах праекта «Гарсвятло», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy. Праект рэалізуюць Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд «Інтэракцыя». У ходзе праекта ў Полацку ўжо пачалася ўстаноўка інавацыйнага святлодыёднага вулічнага і дэкаратыўнага асвятлення, якое дазволіць значна скараціць выдаткі на электраэнергію і выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу.
