image2 24.05.2019

ЕС і ПРААН прадставілі ў Беларусі новую рэгіянальную праграму па барацьбе са змяненнем клімату

Улічваючы прамую і рэальна існуючую пагрозу змянення клімату, у 2019 годзе Еўрапейскі саюз запусціў новую рэгіянальную ініцыятыву EU4Climate («ЕС за барацьбу са змяненнем клімату»), якая нацэленая на падтрымку шасці краін Усходняга партнёрства: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдовы і Украіны.

Новая кліматычная ініцыятыва дапаможа з распрацоўкай і рэалізацыяй палітыкі ў галіне барацьбы са змяненнем клімату з улікам абавязацельстваў, узятых на сябе краінамі-ўдзельніцамі ў адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем па клімаце, пагадненнямі аб асацыяцыі і партнёрстве з ЕС, у рамках «20 вынікаў да 2020 года» Усходняга партнёрства (у прыватнасці вынікаў 15 і 16, якія тычацца клімату) і Парадку дня ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года (у прыватнасці мэты 13 «Барацьба са змяненнем клімату»). Праграма фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

«ЕС з’яўляецца лідарам у пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і змянення клімату, а краіны Усходняга партнёрства граюць важную ролю ў нашых агульных намаганнях у дасягненні зялёнага развіцця. Новая праграма EU4Climate падтрымае намаганні Беларусі па маніторынгу і скарачэнні выкідаў CO2, а таксама меры па змякчэнні наступстваў змянення клімату і адаптацыі да іх. Праграма накіраваная на абмежаванне ўздзеяння змянення клімату на жыццё грамадзян і іх адаптацыю да дадзеных змен», – пракаментавала Андрэа Віктарын, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, пасол.

Агульная сума фінансавання праекта для Беларусі складзе 1,1 млн еўра, тэрмін рэалізацыі – 2019–2022 гады. Праект акажа дапамогу ўраду Рэспублікі Беларусь у рэалізацыі абавязацельстваў краіны па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і ўстойліваму да змянення клімату развіццю ў адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем. Установачны семінар новага праекта прайшоў у Мінску 24 мая 2019 года.

«Будучы найбуйнейшай арганізацыяй па барацьбе са змяненнем клімату ў сістэме ААН, ПРААН працуе з краінамі над тым, каб перавесці іх кліматычныя мэты ў рэальныя дзеянні. Абапіраючыся на папярэдні паспяховы досвед і ўрокі рэалізацыі праекту «Кліма-Іст», які фінансаваўся ЕС, ПРААН дапаможа вызначыць падыходы да змякчэння наступстваў змяненняў клімату і адаптацыі да іх, якія змогуць выкарыстаць партнёры, скараціць выкіды парніковых газаў і змякчыць наступствы змянення клімату ў рамках ажыццяўлення праекта EU4Climate ў Беларусі», – адзначае Армен Грыгаран, кіраўнік Групы па адаптацыі да змянення клімату і наступстваў стыхійных бедстваў з Рэгіянальнага бюро ПРААН у Стамбуле.

У ходзе прэзентацыі праекта EU4Climate ў Беларусі дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі розных зацікаўленых груп абмеркавалі прыярытэты і наступныя крокі па ажыццяўленні ініцыятывы EU4Climate ў Беларусі на перыяд да 2022 года.
Праект EU4Climate абапіраецца на досвед рэалізацыі завершаных – у прыватнасці, праекта «Кліма-Іст» – і бягучых праектаў і ініцыятыў, а таксама на экспертны патэнцыял ЕС і ПРААН на рэгіянальным і нацыянальным узроўні ў сферы распрацоўкі кліматычнай палітыкі і кіравання.

У выніку рэалізацыі праекта мэты, звязаныя з нізкім узроўнем выкідаў і адаптацыяй да змяненняў клімату, будуць інтэграваныя ў планы развіцця ў Беларусі праз удасканаленую і кансалідаваную кліматычную палітыку, уніфікацыю заканадаўства, а таксама праз рэгіянальныя ініцыятывы, якія спрыяюць эканамічнай дыверсіфікацыі і развіццю зялёнай эканомікі.

Даведка: Рэгіянальная праграма EU4Climate фінансуецца Еўрапейскім саюзам (ЕС) і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Агульны бюджэт праграмы – 8,8 млн. еўра, тэрміны рэалізацыі 2019–2022 гады. Мэта праграмы – дапамагчы шасці краінам Усходняга партнёрства распрацаваць і ажыццяўляць дальнабачную кліматычную палітыку. У праграме пазначаныя ключавыя дзеянні і вынікі ў адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем, дакументам «20 вынікаў да 2020 года» і асноўнымі глабальнымі палітычным мэтамі, замацаванымі ў Парадку ААН у галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. EU4Climate таксама будзе спрыяць дасягненню прыярытэтаў, пазначаных у Дэкларацыі міністраў краін Усходняга партнёрства па пытаннях навакольнага асяроддзя і змянення клімату, прынятай у кастрычніку 2016 года.