image2 25.04.2019

ЕС і ПРААН праводзяць конкурс бізнес-ідэй

Конкурс бізнес-ідэй праводзіцца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь. Тэрмін рэалізацыі – 36 месяцаў, з 01 лютага 2019 года да 31 студзеня 2022 года.

Мэта конкурсу – вызначэнне канцэптуальных падыходаў да падтрымкі развіцця прадпрымальніцтва на тэрыторыі пілотных раёнаў Праекта.

Да ўдзелу ў конкурсе бізнес-ідэй запрашаюцца фізічныя і юрыдычныя асобы з тэрыторый пілотных раёнаў праекта: Браслаўскі і Аршанскі (Віцебская вобласць), Быхаўскі і Хоцімскі (Магілёўская вобласць), Брагінскі, Хойніцкі і Жлобінскі (Гомельская вобласць), Кобрынскі і Бярозаўскі (Брэсцкая вобласць), Лідскі (Гродзенская вобласць), Маладзечанскі і Барысаўскі (Мінская вобласць).

Прадстаўленыя на конкурс бізнес-ідэі будуць пакладзены ў аснову аналізу патэнцыялу кожнага з пілотных раёнаў праекта, і будуць разгледжаны на пасяджэнні раённых Саветаў па развіцці прадпрымальніцтва з удзелам нацыянальных і міжнародных экспертаў. Найлепшыя з іх будуць прапанаваныя для ўключэння ў раённыя планы развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (РПР МСП).

Фінансаванне на дадзеным этапе конкурсу не прадугледжанае. У далейшым ініцыятывам, уключаным у РПР МСП, будуць прадстаўлены дадатковыя перавагі ў конкурсах на атрыманне фінансавай падтрымкі ў рамках праекта:

1) Падтрымка бізнес-інкубатараў (агульны індыкатыўны бюджэт конкурсу USD 1,200,000);
2) Падтрымка стартапаў і кластарных ініцыятыў (агульны індыкатыўны бюджэт конкурсу USD 4,165,000);
3) Падтрымка арганізацый, зацікаўленых стаць пастаўшчыкамі паслуг па мікрафінансаванні (агульны індыкатыўны бюджэт конкурсу USD 360,000);
4) Падтрымка прадпрыемстваў, накіраваных на вырашэнне сацыяльна-значных праблем (агульны індыкатыўны бюджэт конкурсу USD 1,800,000).

Тэрмін падачы заявак: да 30 чэрвеня 2019 года. Анкету для ўдзелу ў конкурсе бізнес-ідэй можна запоўніць тут.

Кантактная асоба: Адамчык Наталля +375 29 686-00-13, natallia.adamchyk@undp.org