
Адкрыццё фестывалю: “Еўрапейскі саюз рэалізуе ў Беларусі праекты ў галіне эканомікі, дзяржаўнага кіравання, аховы навакольнага асяроддзя, многіх іншых кірунках... Вельмі важна, што мы таксама займаемся праектамі, якія выбудоўваюць адносіны паміж людзьмі, і наш фестываль гэта пацвярджае. Такое мерапрыемства мы праводзім упершыню і нас вельмі радуе, што сёння сюды прыйшло столькі маладых людзей!” – з такімі словамі звярнуўся з галоўнай сцэны фестывалю Берэнд дэ Гроот, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Месца правядзення: Мінскі культурны хаб OK16 – актыўнасці праходзілі адначасова на шасці пляцоўках.


Геаграфія: 30 спікераў з Беларусі, Польшчы, Нідэрландаў. Гасцямі фестывалю сталі пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар, пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан, пасол Румыніі ў Беларусі Віорэл Машану.
Выставачная прастора: Выстава праектаў і праграм, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам у Беларусі, стала адной з самых запатрабаваных пляцовак. Працавалі 15 стэндаў, сярод іх – Пасольства Славакіі і Аўстрыі ў Мінску, Цэнтр шведскіх даследаванняў, Праграма Chevening (Вялікабрытанія), DAAD Belarus, Інстытут Гётэ ў Мінску, еўрапейская праграма MOST, ініцыятыва “Інклюзіўны барыста” і іншыя.


Актыўнасці: За час працы фестывалю прайшло 30 розных прэзентацый, сустрэч, майстар-класаў і іншых актыўнасцей па тэмах адукацыі, кар’еры, асобаснага росту, гарадскога актывізму. Трэнінгавую праграму па жыццёвых навыках і занятасці, напрыклад, прадставіў праект “ЕС для моладзі. Ад працаўладкавання да ўстойлівасці ў Арменіі, Беларусі і Украіне”.


Прэм’ера: Асобную прастору на фестывалі заняў Alumni Picnic 2019 – штогадовая сустрэча выпускнікоў замежных ВНУ, адукацыйных праграм і стажыровак, задача якой – абмен досведам і новыя кантакты. Яго галоўнай падзеяй стала прэм’ера дакументальнай стужкі выпускніцы еўрапейскай праграмы Erasmus Mundus Ганны Навіцкай The Hidden Potential of International Alumni (“Схаваны патэнцыял міжнародных выпускнікоў”).


Вялікую інтэрактыўную праграму з прэзентацыямі і квізамі падрыхтавала ініцыятыва “Паслы еўрапейскай моладзі”. Ганна Пішчык, студэнтка МДЛУ, стала мадэратарам квіза “Еўрапейскі саюз і Усходняе партнёрства”. Мінулым летам Ганна прайшла адукацыйную праграму “Удзел моладзі ў кіраванні інтэрнэтам” міжнароднай моладзевай ініцыятывы Digital Grassroots.

Эльвіра Стынісэн – паралімпійская спартсменка, спецыялістка па пытаннях палітыкі Міністэрства аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння і спорту Нідэрландаў – пазнаёміла ўдзельнікаў фестывалю з некаторымі аспектамі працы ва ўрадзе.


Канцэртная праграма: музычную частку адкрылі Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа Віктарын і начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Рэспублікі Беларусь Раман Раманоўскі.

Андрэа Віктарын адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю: “Еўрапейскаму саюзу ёсць што прапанаваць моладзі. Гэта відаць па колькасці праектаў і праграм, з якімі вы пазнаёміліся сёння. Гэта розныя краіны, розныя магчымасці, і ў гэтай разнастайнасці наша сіла. Мы гатовыя прапаноўваць вам магчымасць доўгатэрміновага і кароткатэрміновага навучання ў краінах Еўрапейскага саюза, або вучыцца тут... Мы выступаем супраць ўцечкі мазгоў, мы выступаем за іх цыркуляцыю. З уласнага досведу магу сказаць, што вопыт знаходжання за мяжой, знаёмства з іншай культурай дапамагае адчуваць сябе больш упэўнена і быць больш актыўнай”.

Фестываль завяршыўся выступамі адразу двух папулярных беларускіх гуртоў – NaviBand і Nizkiz.

“Мы правялі не адзін канцэртны тур па Еўропе, таму з вялікім задавальненнем прынялі запрашэнне выступіць на фестывалі ў Мінску. Стараемся даказаць на сваім досведзе, што чым больш кантактаў паміж моладдзю ЕС і Беларусі, тым больш магчымасцей для рэалізацыі крэатыўных і таленавітых маладых людзей!” – упэўнены ўдзельнікі NaviBand.

Падрабязней аб моладзевых праектах чытайце на https://euprojects.by/youth/