
Навагрудак — другі пасля Полацка горад, які ў 2012 годзе далучыўся да Пагаднення мэраў, узяўшы абавязацельствы да 2020 года скараціць выкіды вуглякіслага газу да 20 працэнтаў. У рэгіёне ўжо рэалізавана некалькі значных энергаэфектыўных праграм і праектаў па ўкараненні аднаўляльных крыніц энергіі.
На ўрачыстым адкрыцці выставы, якое адбылося 4 верасня, праект «Развіццё аднаўляльных крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — Дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі» прадставіў эксперт Юрый Літавар.

Мэта праекта — дапамагаць мясцовым органам улады і грамадскасці развіваць досвед укаранення аднаўляльных крыніц энергіі. У Навагрудку пачалі працу адразу два пілотныя праекты. У аграрным каледжы адкрыўся навучальна-кансультацыйны цэнтр па аднаўляльных крыніцах энергіі, а Цэнтральная раённая бальніца атрымала новую сістэму гарачага водазабеспячэння, што выкарыстоўвае энергію сонца: усталявана 40 цеплавых калектараў магутнасцю 117,6 кВт, 2 цеплавыя помпы магутнасцю 18 кВт кожная.
З суседняй Ліды на адкрыццё выставы прыехаў Аляксандр Аўдзевіч, кіраўнік Лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» (праект «Вучыцца, каб дзейнічаць»):

«Апошнім часам усё больш людзей становяцца сацыяльна актыўнымі і адказнымі. Бізнес паварочваецца тварам да людзей з інваліднасцю. Мы рады, што робім свой унёсак у гэтыя пазітыўныя змены», — адзначыў на адкрыцці Аляксандр.

Дзякуючы праекту ў Гомелі, Гродне і Віцебску створаны рэсурсныя цэнтры для дадатковай адукацыі дарослых. У 17 гарадах і пасёлках краіны рэалізуецца 12 адукацыйных праектаў для малаабароненых груп насельніцтва.
На адкрыцці выставы таксама выступілі Святлана Каралько, намеснік старшыні Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта, і Таццяна Аляксеева, каардынатар па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь.


Фотавыстава «Праекты ў асобах» прабудзе ў Навагрудку да 16 верасня, затым яна працягне свой маршрут па Гродзенскай вобласці і пераедзе ў Шчучын, дзе будзе працаваць да 30 верасня. Далей выстава адправіцца па абласных цэнтрах Беларусі.
