
– Шмат гадоў я выношвала ідэю куплі ровара, але сумнявалася. А потым знайшла магазін непадалёк ад свайго дома і купіла. Па дарозе дадому каціла яго побач ‒ неяк страшнавата было адразу паехаць.
Першы час, калі я толькі пачала ездзіць, мне сігналілі машыны, усміхаліся і махалі мужчыны. Складана, вядома, растлумачыць такую рэакцыю. Але праз 4 гады (прыкладна столькі Ірына перасоўваецца выключна на ровары ‒ Заўв. рэд.) пільная ўвага да мяне пацішэла. Мабыць, роварны рух хутка ахапіў Гродна.

А потым зусім выпадкова Ірына ўбачыла ў інтэрнэце аб’яву аб велазаезде да Гродзенскай крэпасці і падумала: чаму не? Сярод яе сяброў і сябровак велааматараў не было, таму на велашпацыр яна адправілася зусім адна.
– Мне было страшна, таму што заезд прадугледжваў маршрут у 30-40 кіламетраў, а такіх адлегласцяў я ніколі не пераадольвала. Але ў падобных сітуацыях я заўсёды суцяшаю сябе тым, што сысці з дыстанцыі можна ў любы момант.
«Лепей паспрабаваць, чым адступіць і шкадаваць»
З сабой Ірына ўзяла ўсё неабходнае: ваду, перакус, нават запасную камеру. І адправілася ў шлях з незнаёмымі людзьмі. Спачатку адчувалася няёмкасць, але Ірына хутка знайшла агульную мову з іншымі велааматарамі. Яны раззнаёміліся, а з некаторымі сябруюць па гэты дзень. Так дзяўчына ўвайшла ў рух «ВелаГродна».

– Я была прыемна здзіўленая: маршрут крута пабудаваны, язда камфортная, а на кропцы нас чакала цікавая экскурсія. Тады вось я і зразумела, што падарожнічаць можна не толькі за межамі Беларусі.
З тых часоў такія велашпацыры сталі часткай майго жыцця. Дзякуючы ім я знайшла новых сяброў з розных сфер. Яшчэ і сяброў з старога жыцця падцягнула да руху.
Я працую ў сферы медыцыны, таму лічу сваёй прамым абавязкам прапагандаваць здаровы лад жыцця. Я адчула змены на сабе: арганізм стаў больш трывалым, цяпер я не баюся холаду, дажджу і снегу. Гэта асаблівае задавальненне ‒ кантраляваць сваё цела.
У эмацыйным плане таксама набываеш многае. Я часта выязджаю за горад і любуюся прыгажосцю: лясы, палі, рэкі. Усё гэта адцягвае ад праблем і турбот.
«Ні пра што не думаеш, проста кайфуеш»
У сваёй аптэцы Ірына адзіная спецыялістка-фармацэўт, якая ездзіць на ровары. Спачатку каляжанкі дзівіліся, а потым сталі з цікавасцю назіраць за зменамі ў жыцці дзяўчыны. Цяпер Ірыну падтрымлівае нават кіраўніцтва гродзенскага РУП «Фармацыя».

– Перыядычна я бяру ўдзел у веламарафонах. У апошнім Maratony Kresowe па выніках сезона заняла першае месца. Марафон складаўся з 13 заездаў: у дзесяці заняла першае месца, у двух ‒ другое.
Кожная гонка складала 15-20 кіламетраў. У агульнай колькасці Ірына праехала каля 205 кіламетраў. Пакуль дзяўчына-правізар удзельнічае на невялікіх дыстанцыях, але марыць пра пераадоленне марафону ў 100 кіламетраў.
Ірына – адна з самых актыўных удзельніц ініцыятывы «У каманднай гонцы да агульнай мэты», рэалізаванай у рамках праекта БЕЛМЕД пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем «ВелаГродна». У рамках ініцыятывы ў Гродне з’явілася велашкола для пачаткоўцаў, у некаторых навучальных установах горада створаны роварны клуб. Таксама былі арганізаваны велапаходы «Покатушки», дзе ўдзельнікі на ўласным досведзе пераканаліся, што актыўны адпачынак на роварах ‒ гэта не толькі карысна для здароўя, але цікава і займальна.



