Была вясна, і мы з хлопцам вырашылі выехаць на прыроду на матацыкле. Не ведаю, як назваць інакш: нас нагнаў злы лёс ‒ мы трапілі ў ДТЗ. У мяне былі цяжкія траўмы, асноўная ‒ шыйнага аддзела пазваночніка. Жыццё не проста крута змянілася, яно падзялілася на «да» і «пасля».
«Мяне выратавала дзікае жаданне жыць»
Сёння Святлана аддае перавагу не гаварыць аб сваім узросце, таму што адчувае сябе ўсяго на 25 з хвосцікам. Пасля траўмы яна засталася такой жа жыццярадаснай і актыўнай. А шэсць гадоў таму ў летніку па рэабілітацыі яна ўпершыню даведалася пра такі паралімпійскі від спорту як боча.
– Боча ідэальна мне пасуе. Людзі з такой траўмай, як у мяне, звычайна фізічна аслабленыя: дрэнна працуюць рукі, а рухі не самыя хуткія. Але, акрамя фізнагрузкі, у гэтага спорту маса плюсаў: тактыка, дакладнасць, разлік і, вядома, азарт.
Правілы гульні: у боча ёсць некалькі фарматаў ‒ індывідуальны, парны і групавы (тры на тры). Камандная гульня прадугледжвае наяўнасць капітана, які вырашае, каму выкідваць мяч, і пралічвае ўсе нюансы. Гульня пачынаецца з выкідання Джэка ‒ белага мяча-мішэні. Далей кожны гулец выкідвае свой мяч так, каб быць бліжэй да белага мяча і не даць суперніку падабрацца да гэтага самага Джэка. Выйграе тая каманда, чый мяч знаходзіцца бліжэй за ўсё да белай мішэні.

Сёння Святлана – майстар спорту па боча. Сёлета яна заняла першае месца на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь.
– Шчыра кажучы, я сама ад сябе не чакала. Ніколі б не падумала, што стану чэмпіёнкай. Я проста гуляла для задавальнення, ‒ смяецца дзяўчына.
Яна выказваецца занадта сціпла, бо яе хобі перарасло ў прафесійны спорт. Зараз Света ўваходзіць у зборную Беларусі па боча.
– У іншых краінах з гэтым відам спорту прасцей. Трэніроўкі даступныя ўсім, і гуляюць там цэлымі сем’ямі. У нас жа не кожны можа дазволіць сабе набор для гульні. Адзін камплект каштуе каля €400. Прычым у Беларусі такіх нават не купіць. Мы ў Цэнтры стараемся берагчы набор, не выходзім з ім на вуліцу, інакш мячы можна «забіць» умомант.
Дзякуючы ініцыятыве я стала часцей гуляць у боча, мяне гэта матывавала. Не буду хітраваць, у мяне ёсць мара: хачу трапіць на Паралімпійскія гульні.

«У мяне ёсць мара: хачу трапіць на Паралімпійскія гульні»
Ездзіць на трэніроўкі позняй восенню і зімой у Святланы і іншых спартсменаў на калясцы не заўсёды атрымліваецца ‒ няма добрай інфраструктуры. Таму ўсе вельмі чакаюць вясну і лета ‒ найлепшыя сезоны для трэніровак.
Акрамя гульні ў боча, у спартсменкі яшчэ шмат захапленняў ‒ яна імкнецца весці актыўны лад жыцця. Летась разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі яна скокнула з парашутам. Для яе гэты крок стаў новым выклікам, які яна смела прыняла.
– Мне не было страшна, таму што ў сабе я была ўпэўненая. Хутчэй, я хвалявалася за інвентар і сам парашут, ‒ усміхаецца дзяўчына. ‒ Скачок быў у тандэме, таму многае залежала і ад інструктара.
Я дагэтуль памятаю, як мы выходзілі на скачок, ‒ гэты від немагчыма забыць. Я ўжо вісела за бортам, калі мой інструктар толькі-толькі адрываў ногі. Яшчэ памятаю бязмежны гарызонт і жар сонца. Пра свой скачку я нікому не казала, мне не хацелася нікога хваляваць, таму што я была ўпэўненая: усё атрымаецца.

Спорт для Светы сёння – гэта магчымасць рэалізаваць сябе. Бо працы няма: такім, як яна ‒ на калясцы, ‒ шукаць працу складана, а часам практычна немагчыма.
– Мне хочацца верыць, што льготы для арганізацый, якія змогуць прымаць на працу людзей з інваліднасцю, спрацуюць. Бо мы такія ж людзі, гатовыя ўпарта працаваць і паказваць вынікі. Проста перасоўваемся па-іншаму.
Ініцыятыва «Ад здароўя кожнага да здаровага грамадства» рэалізаваная ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ и ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне інвалідаў з парушэннем функцый апорна-рухальнай сістэмы «Інваліды-спінальнікі».