Сёння мы расказваем, як у самым паўднёвым кутку Беларусі, Брагінскім раёне, прыватныя сельскагаспадарчыя вытворцы істотна скарацілі страты сыравіны, выкарыстоўваючы кааперацыю, новае абсталяванне і тэхналогіі перапрацоўкі, а таксама павысілі эфектыўнасць збыту, укараняючы лічбавыя тэхналогіі.
Значная частка насельніцтва Брагінскага раёна займаецца вытворчасцю сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістых дапаможных гаспадарках. Гэта з'яўляецца для многіх асноўнай або дадатковай крыніцай даходу. Адзін з відаў дзейнасці – малочная жывёлагадоўля. Па словах мясцовых жыхароў, некалькі дойных кароў могуць забяспечыць сям'і прыстойны дадатковы даход.
У 2020 годзе кааператыў "Сялецкі аграрый", старшынёй якога з'яўляецца Таццяна, стаў ініцыятарам ідэі па стварэнні жывёлагадоўчага кластара. З'явілася ініцыятыва "На шляху да жывёлагадоўчага кластара Брагінскага раёна". Для развіцця кластара была закуплена цыстэрна для перавозкі малака, устаноўка для ахаладжэння. Цяпер малако можна транспартаваць у патрэбны час і даўжэй захоўваць. Для праверкі і пацверджання якасці малака быў набыты аналізатар, што істотна знізіла верагоднасць траплення кіслага малака ў агульную цыстэрну. У выніку вяртанні малака з малаказавода скараціліся ў 3 разы.
Удзельнікі кластарнай групы таксама заняліся перапрацоўкай малака, каб рацыянальна выкарыстоўваць лішкі. Для гэтага былі закуплены сыраварні, формы для сыру, сепаратары, маслабойкі. Для навучання запрасілі майстра-сыравара з Магілёўскай вобласці, разам з якім асвойвалі тэхналогіі перапрацоўкі малака, пастэрызацыі, сепарацыі, збівання вяршкоў і сыраварства, выкарыстоўваючы набытае абсталяванне. Фермеры сталі вырабляць разнастайную малочную прадукцыю: смятану, масла, тварог, розныя віды сыроў, якія вырабляюцца па мясцовых і замежных тэхналогіях.
Для павелічэння продажаў была створана інтэрнэт-вітрына для прасоўвання тавараў і паслуг прыватных сельгасвытворцаў www.online-bazar.by. Любы жадаючы можа бясплатна размясціць тут інфармацыю аб вырабленай і рэалізуемай прадукцыі і паслугах, а таксама знайсці патрэбную для сябе сельскагаспадарчую прадукцыю або паслугу.
Анлайн-вітрына стала аб'яднаўчай пляцоўкай не толькі для прадаўцоў і пакупнікоў. Яна дапамагае ствараць і новыя кааперацыйныя сувязі. Напрыклад, з яе дапамогай да ўдзельнікаў брагінскага кластара далучыўся прадпрымальнік з суседняга Лоеўскага раёна. Выгаду ад гэтага супрацоўніцтва адчулі ўжо сельгасвытворцы Лоеўскага раёна. У кааперацыі з брагінчанамі ў іх з'явілася новая лагістыка збору і збыту малака. Раней даводзілася ўставаць у 2 гадзіны ночы, каб здаць малако перавозчыку. Цяпер лоеўскі фермер, выкарыстоўваючы цыстэрну кааператыва, збірае малако раніцай, дабавіліся новыя пункты збору малака. Усё гэта стварае мясцовым жыхарам дадатковыя магчымасці для атрымання даходу.
Дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі, збыту і выбудаванай лагістыцы даходы ўдзельнікаў кластарнай групы павялічыліся на 30 працэнтаў. “Працуючы сумесна, мы знізілі свае вытворчыя выдаткі на 10%. Мы таксама скарацілі страты сыравіны і харчовых адходаў прыкладна на 36 тон у год, што дае дадатковы прыбытак больш за 30 тыс. бел. рублёў”, - дзеліцца вынікамі Таццяна Рак.
Ініцыятыва “На шляху да жывёлагадоўчага кластара Брагінскага раёна” рэалізуецца ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.