image2 17.06.2020

«Адшываем па 15 000 масак у дзень, 5% бясплатна перадаём медыкам...»

Цяпер брэнд жаночага адзення Nelva налічвае 250 супрацоўнікаў, 14 крам і тысячы прыхільнікаў па Беларусі, Расіі і Украіне. Пра тое, як амбіцыі ўчарашніх студэнтаў перараслі ў маштабны бізнес, распавядае намеснік дырэктара кампаніі Ірына Рахманава. Пра сваю працу яна гаворыць з такой любоўю, што адразу разумееш: па-іншаму і быць не магло.

Ад трыкатажнага рынку да сеткі сваіх крам – 10 гадоў

У 1997 годзе Брэст быў эпіцэнтрам швейнага бізнесу, праўда, тады ён часцей за ўсё заключаўся ў перапродажы ўжо гатовага адзення ў Расію. Маладыя і амбіцыйныя брат і сястра (Нэлі і Іван Гарашэвічы, імёны якіх і далі назву брэнду) займаліся тым жа, што і ўсе. Але праз нейкі час захацелася чагосьці большага, чым проста перапрадаваць чужое трыкатажнае адзенне.

– Усё адбылося стыхійна: сабралі некалькі прадпрымальнікаў, заключылі дагавор аб сумеснай дзейнасці, арандавалі памяшканне і пачалі шыць сваю вопратку. Іван заняўся арганізацыяй вытворчасці і забеспячэннем, а Нэлі ўзначаліла збыт, ‒ распавядае Ірына.

Так з’явіўся брэнд, хоць у выніку ўсю вопратку чакалі тыя ж торбы і продажы на рынках Расіі. З часам Nelva станавілася пазнавальнай і пашыралася. Нэлі і Іван вырашылі зрабіць упор на якасць адзення ‒ з’явілася новае абсталяванне, якога не было больш ні ў каго ў Беларусі. Праз 10 гадоў, у 2008 годзе, стала гранічна ясна: прадаваць вопратку такога ўзроўню на рынках проста нельга. Прыйшоў час пракладаць новы шлях ‒ развіваць сваю рознічную сетку.

– Першая наша крама ‒ невялікае арандаванае памяшканне насупраць мінскага ГУМа. Яна прыцягнула ўвагу, адзенне рабілася папулярным не толькі на трыкатажных рынках Брэста. Гандлёвых цэнтраў тады было няшмат, а конкурсы, каб у іх трапіць, велізарныя! Але мы змаглі туды прабіцца. Праз чатыры адкрытыя крамы вырашылі, што пара развіваць сетку і ў рэгіёнах. Цяпер у нас 11 крам у Беларусі, 3 крамы ў Маскве і больш за 100 аптовых кліентаў у Расіі і Украіне.

«Раней можна было пасівець, пакуль сваю справу адкрыеш, а цяпер працэдуры спрасціліся»

Ірына далучылася да кампаніі ў 2004 годзе, калі ёй надакучыла праца юрыстам па размеркаванні на дзяржпрадпрыемстве. Захацелася вучыцца нечаму новаму.

– Я акурат шукала працу ў родным Брэсце, так і выйшла на Nelva, ‒ успамінае яна. ‒ Кампанія расла, спіс пытанняў пастаянна пашыраўся, а я такі чалавек, якому да ўсяго ёсць справа. Паступова ўцягнулася ва ўсе этапы вытворчасці і продажу, і прайшла шлях ад начальніка юрыдычнага аддзела да намесніка дырэктара.

Ірына лічыць, што весці бізнес у Беларусі не так складана, як было гадоў 10 таму.

– Каля 85% калектыву ‒ жанчыны, у нас на фабрыцы матрыярхат! ‒ смяецца яна. ‒ Наогул, я лічу, што быць жанчынай ‒ гэта перавага, нам лягчэй дамовіцца з кім заўгодна. Ды і прыватны бізнес у Беларусі ў апошнія гадоў дзесяць весці стала нашмат прасцей: раней можна было пасівець, пакуль сваю справу адкрыеш, а цяпер многія працэдуры спрасціліся. Акрамя таго, ёсць варыянты падтрымкі малога бізнесу, аб якіх у краіне многія не ведаюць.

Адзін з такіх карысных для бізнесу праектаў рэалізуе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (EБРР) у межах ініцыятывы Еўрасаюза «EU4Business». У 2019 годзе пад брэндам EU4Business працавалі 122 праекты дапамогі малому і сярэдняму бізнесу ў шасці краінах Усходняга партнёрства бюджэтам больш за €836 млн, на тым ліку і ў Беларусі (€32 млн). Пра магчымасць атрымаць донарскую падтрымку па праграме ЕБРР «Жанчыны ў бізнесе» Ірына даведалася ад арганізатараў Беларускага тыдня моды ў 2017 годзе. Праграма фінансуецца ЕС, Швецыяй і Фондам спрыяння малому бізнесу ЕБРР (Італія, Японія, Карэя, Люксембург, Швецыя, Швейцарыя, Кітай, ЗША).

– З намі праводзілі навучальныя семінары, я тады вельмі ўразілася прафесіяналізмам спікераў. Потым у рамках сумесных праектаў нам дапамаглі папрацаваць над візуалізацыяй брэнда і стратэгіяй, арганізавалі кансультацыі са спецыялістамі ў розных галінах ‒ ад вядзення сацыяльных сетак да арганізацыі вытворчасці. Гэта вельмі дапамагло палепшыць імідж брэнда. Ды і наогул, ёсць глабальнае адчуванне, што мы сталі іншымі.

Ужо праз год пасля завяршэння праекта выручка кампаніі вырасла на 20%, а экспарт ‒ на 45%. ЕБРР паставіў маштабную мэту ‒ зрабіць брэнд Nelva пазнавальным у Еўропе, стварыць там сваю інтэрнэт-краму, дапамагчы выйсці на буйныя анлайн-пляцоўкі і на партнёраў па франчайзінгу. Але ўмяшаўся каранакрызіс, і многія планы давялося на нейкі час адкласці.

Замест летняй калекцыі-2020 ‒ маскі, супрацьчумныя касцюмы і бахілы

3.jpg

– У лютым у краіне з’явіліся першыя выпадкі заражэння, але тады здавалася, што ўсё гэта далёка і нас не закране. Але закранула вельмі хутка: у сакавіку было 60% ад продажаў у сакавіку 2019 года, а ў красавіку ‒ і зусім 20%. У маі пацяплела, і людзі выйшлі ў крамы, таму стала крыху больш, мы выйшлі на 45% ад колькасці продажаў у мінулым маі. У разгары быў выпуск новай калекцыі, мы былі не гатовыя да таго, што зачыніліся межы і многія крамы ў суседніх краінах. У красавіку стала ясна, што прадаваць няма каму і прыбытку не будзе. Трэба было нешта рабіць, каб усім нам выжыць.

На час пандэміі кампанія перайшла на выпуск аднаразовых медыцынскіх масак, якіх не хапала не толькі звычайным беларусам у аптэках, але нават лекарам. Акрамя таго, каб не патануць, давялося скараціць працоўны час або адправіць у адпачынак некаторых работнікаў.

– Мы захацелі шыць маскі, але ні марлі, ні бязі, ні гумак ‒ спачатку нічога не было. Зараз мы вырабляем якасныя маскі не на машынках, а на спецыяльным абсталяванні, якое кантралююць чатыры чалавекі. Выходзіць парадку 15 тысяч масак у дзень, якія ў нас закупляюць медыцынскія ўстановы, сеткі аптэк і прамысловыя прадпрыемствы. Акрамя таго, 5% зробленых намі сродкаў індывідуальнай абароны мы бясплатна перадаём медыкам Брэсцкай вобласці.

Увесь красавік кампанія выпускала толькі маскі, але неўзабаве выявілася, што рынак перанасычаны імі, хай і не заўсёды добрай якасці. Не губляючы часу, Nelva перакваліфікавалася на пашыў аднаразовых касцюмаў для медыкаў, бахіл і шапачак. За тры тыдні мая пашылі больш як 50 тысяч абарончых камбінезонаў.

– Вясновую калекцыю мы адгрузілі ў крамы яшчэ да пачатку крызісу, летнюю ‒ у пачатку чэрвеня, а восеньскую давялося крыху перапрацаваць і скараціць. Цяпер нашы кліенты пачынаюць выходзіць з каранціну і адчыняцца. Увогуле, будзем спрабаваць вярнуцца да ранейшага жыцця. Маскі, як дапаможны від дзейнасці, мы плануем рабіць і пасля заканчэння пандэміі. Яны заўсёды патрэбныя, хай і не ў такім аб’ёме.

2.jpg

Няпроста выжыць невялікаму прадпрыемству ў невялікай краіне, ды яшчэ ў такім канкурэнтным асяроддзі, як пашыў жаночага адзення. А стаць паспяховым ‒ і зусім задача з зорачкай. Але Nelva спраўляецца. Па-першае, фокус на якасці ‒ ад тканін і кантролю кожнай строчкі падчас вытворчасці да навучання прадаўцоў двойчы ў год. Па-другое, наяўнасць адзення не толькі мадэльных 42‒44 памераў, але і вялікіх памераў, якая сядзе роўна па фігуры (сакрэт у тым, што новыя фасоны абавязкова прымяраюць на жывых мадэлях, а не манекенах). І па-трэцяе, адсутнасць страху перад зменамі.

– Цяпер важна ўмець хутка рэагаваць на сітуацыю. Працы ў апошнія месяцы ў разы больш. Мы плануем асвойваць анлайн-продаж у Еўропе, адкрыць там сваю інтэрнэт-краму. Можна зразумець тых, хто вырашыў адсядзецца цяпер. Але мы не прывыклі бяздзейнічаць і не баімся спрабаваць новае.