У красавіку ў Полацку пачалі ўсталеўваць новае энергаэфектыўнае асвятленне. За 4 месяцы працы ўжо паспела з'явіцца 672 свяцільні, 131 апора для ліхтароў, ўстаноўлена 5 шаф кіравання асвятленнем, а таксама пракладзена 12,7 км правадоў на 9 вуліцах горада: Багдановіча, Кастрычніцкай, Валогіна, Касманаўтаў, Юбілейнай, Ніжнепакроўскай, П. Броўкі, Гагарына, Е. Полацкай. Новае падсвятленне атрымалі ўжо сем гарадскіх помнікаў, а на гэтым тыдні заканчваюцца работы па падсветцы маста праз Заходнюю Дзвіну.
Плануецца, што да канца верасня Полацк атрымае новае энергаэфектыўнае асвятленне, якое зэканоміць электраэнергію (≈ 265 МВт-ч у год) і скароціць выкіды СО2 (≈ 120 тон у год).
Мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў Полацку праходзіць ў межах праекта "ГарСвятло", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy. Праект рэалізуюць Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Фонд “Інтэракцыя”.
Фота: газета "Полацкі веснік".
Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, бяспекі і доступу, а таксама папулярызацыі ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванню энергетычнага рынку для скарачэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і памяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара.
