
Удзельнікаў імпрэзы — прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і журналістаў — віталі кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Берэнд Дэ Гроот, загадчык Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь Андрэй Мінько і загадчык аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Дзмітрый Бельчык.

"Мы заўсёды плануем толькі тыя мерапрыемствы, якія магчыма рэалізаваць сумесна. Наша супрацоўніцтва ў тым, каб забяспечыць пэўны доступ да ведаў і вопыту прадстаўнікам вашай краіны, у тым ліку і тэхнічным экспертам. Звяртаю ўвагу, што Беларусі таксама ёсць што паказаць. Кожны раз мы ўсё больш у гэтым упэўніваемся", – падкрэслівае Берэнд Дэ Гроот.

Перад прысутнымі таксама выступіла Анастасія Янчэўская, гераіня выставы, удзельніца праекта "Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь". Праект ставіць на мэце распрацаваць план устойлівага развіцця роварнага руху і палепшыць роварную інфраструктуру ў Беларусі, у тым ліку і ў Гродне.
"Для нас, як для прадстаўнікоў супольнасці раварыстаў, праект стаў вырашальным штуршком для пачатку маштабных зменаў у развіцці роварнага руху ў Беларусі. Прыняцце нацыянальнай канцэпцыі, стварэнне саветаў па развіцці роварнага руху, пастаянная прысутнасць велатэмы ў СМІ, развiццё рэгіянальных арганізацый і ініцыятыў — вось моманты, якіх мы так даўно чакалі", — адзначае Анастасія.

На адкрыцці выступіла яшчэ адна гераіня выставы – Алена Марыгероўская, удзельніца праекта "Развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва", які прадугледжвае развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Беларусі. Яго удзельнікі могуць атрымаць якасную міжнародную адукацыю ў сферы сацыяльна арыентаванага бізнесу.

"Праекты ў асобах" Гродна сустракае ўжо ў другі раз: упершыню героі фотавыставы былі прадстаўлены ў горадзе на Нёмане ў кастрычніку 2015 года. Працаваць выстава будзе да 14 кастрычніка, а пасля пераедзе у Брэст.
