image2 12.12.2018

У Пухавіцкім раёне сталі збіраць у 10 разоў больш электронных і электрычных адходаў

Вынікі трохгадовага праекта па развіццю сферы кіравання адходамі ў Пухавіцкім раёне падвялі на канферэнцыі 11 снежня 2018 года. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў сферы ЖКГ з усёй краіны для вывучэння перадавога вопыту. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Мінжылкамгас, Пухавіцкі райвыканкам і МГА «Экапартнёрства».

За тры гады ў Пухавіцкім раёне пры падтрымцы Еўрапейскага саюза была створана сістэма збору электронных і электрычных адходаў. Першым крокам стала распрацоўка стратэгіі аб абыходжанні з такімі адходамі, якая вызначыла мэты і планы развіцця сферы.

2.jpg

− Пухавіцкі раён узяў для сябе амбіцыйную мэту збіраць 2 кг электронных і электрычных адходаў на чалавека ў год да 2020 года, − падкрэсліла выканаўчы дырэктар МГА «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч. − Для параўнання, калі для стратэгіі мы аналізавалі дадзеныя за 2015 год, то аб'ём збору складаў толькі 50 грам на чалавека.

Адным з мерапрыемстваў рэалізацыі стратэгіі стала стварэнне пляцоўкі для збору старой бытавой тэхнікі, куды жыхары могуць прывезці адходы ў любы зручны час і атрымаць грашовую кампенсацыю 20 капеек за 1 кілаграм.

1.jpg

Таксама ў раёне ёсць магчымасць выклікаць грузавое таксі, якое забярэ электронныя і электрычныя адходы. Жадаючаму трэба толькі пакінуць заяўку дыспетчару ЖКГ.

6.jpg

Жыхары раёна не адразу сталі аддаваць адходы на перапрацоўку, аддаючы перавагу складаваць старыя халадзільнікі і тэлевізары дома або на дачы. Каб прыцягнуць увагу да створанай інфраструктуры, была праведзена інфармацыйная кампанія, якая ўключала распаўсюд буклетаў, артыкулы ў СМІ, інфармацыю на жыроўках, білборды, конкурсы са школьнікамі, навучальныя мерапрыемствы для педагогаў, сустрэчы з садовымі таварыствамі. Праведзеная праца дапамагла у 2018 годзе сабраць 50 тон электронных і электрычных адходаў, што ў 10 разоў больш, чым было сабрана ў 2017 годзе.

Задачай праекта таксама было прадухіленне і ліквідацыя стыхійных звалак на тэрыторыі раёна. Для гэтага быў закуплены бульдозер і драбільны коўш для будаўнічых адходаў.

8.jpg

− Калі мы пачыналі працу па праекце, то спачатку прааналізавалі сітуацыю ў раёне. У нас 182 садовых таварыства, якія ствараюць стыхійныя звалкі, плюс мы ўбачылі, што насельніцтва дрэнна праінфармавана, − распавёў намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Крэмень.

Паляпшэнне матэрыяльнай базы ЖКГ дазволіла ліквідаваць 37 звалак ў 2017 годзе і 27 у 2018-ым. Значная частка змесціва звалак складаюць адходы расліннага паходжання, таму ў раёне вялася шырокая праца па распаўсюдзе практыкі кампаставання. У 7 установах адукацыі былі ўсталяваны кантэйнеры для атрымання кампоста з арганічных адходаў, праводзіліся навучальныя мерапрыемствы з педагогамі, раздаваліся буклеты і плакаты з рэкамендацыямі па кампаставанні. Жыхары маглі паведаміць аб выяўленых звалках праз старонку праекта ў сацыяльнай сетцы.

12.jpg

13.jpg

− У рамках праекта была распрацавана вялікая колькасць інфармацыйных матэрыялаў, і мы з задавальненнем імі дзелімся, каб раёны маглі актыўна іх выкарыстоўваць для працы з насельніцтвам, − падкрэсліла старшыня МГА «Экапартнёрства» Юлія Яблонская.

15.jpg

Канферэнцыя стала пляцоўкай для абмену вопытам, дзе абмяркоўваўся не толькі вопыт Пухавіцкага раёна, але і напрамкі развіцця сістэмы абыходжання з адходамі ў краіне, магчымасці фінансавання, павышэнне эфектыўнасці функцыянавання сістэмы збору і пахавання цвёрдых камунальных адходаў.

Праект «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці» рэалізоўваўся ў 2016-2018 гадах МГА «Экапартнёрства» і Пухавіцкім райвыканкам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.