На базе ўстановы «Лідская комплексная дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 4» пачала работу інклюзіўная спартыўная зала з безбар’ерным асяроддзем: ініцыятыва рэалізаваная пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
Дзякуючы адмысловым трэнажорам і інвентару створаны ўмовы для фізічнай рэабілітацыі людзей, якія атрымалі траўмы або маюць прыроджаную інваліднасць для кампенсацыі неабходнай актыўнасці паралізаваным часткам цела. Мадыфікаванае трэнажорнае абсталяванне разлічана на кругавы трэнінг для людзей з рознымі ўзроўнямі траўмаў і пашкоджанняў і дазваляе распрацоўваць індывідуальныя праграмы заняткаў.
У інклюзіўнай спартыўнай зале працуе трэнерскі склад, спецыялісты якога разумеюць асаблівасці фізічнага развіцця людзей з інваліднасцю, іх патрэбы і пажаданні. Унікальная кросфіт-праграма дае магчымасць падабраць практыкаванні наведнікам залы з улікам многіх асаблівасцяў.
«Сёння мы можам павіншаваць Ліду з выдатным прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва органаў мясцовай улады з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, — адзначыў Беранд дэ Гроот, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, — Гэты поспех значны не толькі для вашага горада, але і для ўсёй Беларусі. Такія праекты вызначаюць, ў які бок неабходна развіваць грамадства».
На сённяшні дзень у інклюзіўных групах для рэгулярных заняткаў кросфітам ужо праведзена каля 100 заняткаў з удзелам дзесяці чалавек, у тым ліку шасці людзей з інваліднасцю. Таксама праведзена больш за 30 заняткаў па плаванні для 18 чалавек, у тым ліку шасці людзей з інваліднасцю. Удзельнікі заняткаў набываюць неабходныя навыкі для далейшых самастойных заняткаў па сістэме «кросфіт».
Рэалізацыя ініцыятывы «Інклюзіўны кросфіт» прадугледжвае актыўную адукацыйную працу. Запланавана правядзенне шэрагу выязных трэнінгаў на тэму «Інклюзіўны кросфіт як эфектыўны метад прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў». Першае мерапрыемства прайшло 17 ліпеня ў Смаргоні. 17 удзельнікаў, з якіх 11 – людзі з інваліднасцю, пазнаёміліся з распрацаванымі ў рамках рэалізацыі ініцыятывы метадамі падтрымання здароўя, узялі ўдзел у практычных занятках інклюзіўным кросфітам.
Ініцыятыва «Інклюзіўны кросфіт» рэалізаваная ў рамках праекта «БЕЛМЕД», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, ЮНІСЕФ, ЮНФПА, СААЗ у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Ініцыятыва прапанавана і рэалізавана Лідскай міжраённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў», якая з’яўляецца пераможцам III конкурсу ініцыятыў «Будзь здаровы!», накіраваных на прасоўванне здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў на мясцовым узроўні. Конкурс быў праведзены Праграмай развіцця ААН у рамках праекта БЕЛМЕД у Гродзенскай і Мінскай абласцях у 2018 г.
Асноўная мэта праекта «БЕЛМЕД» — спрыянне эфектыўнаму папярэджанню неінфекцыйных захворванняў (НІЗ) і ўмацаванне нацыянальнай сістэмы аховы здароўя для эфектыўнага вырашэння праблем НІЗ у Рэспубліцы Беларусь. Праект таксама спрыяе павышэнню эфектыўнасці дзяржаўных праграм і дзеянняў урада і мясцовых органаў улады ў галіне зніжэння цяжару НІЗ, як на нацыянальным, так і рэгіянальным узроўнях; а таксама павышэнню актыўнасці насельніцтва ў фарміраванні і прасоўванні мясцовых ініцыятыў, якія спрыяюць паляпшэнню здароўя.
У апошнія гады ў Беларусі ідэі здаровага ладу жыцця становяцца ўсё больш актуальнымі, асабліва з улікам таго факта, што каля 90% усіх смерцяў у Беларусі звязаныя з НІЗ.
25.07.2019