image2 02.04.2020

Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза ў Міёрах з’явілася новая “хуткая дапамога”

У сакавіку гэтага года Міёрская цэнтральная раённая бальніца папоўніла свой аўтапарк новым аўтамабілем хуткай медыцынскай дапамогі. Набыццё аўтамабіля стала магчымым дзякуючы рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім Сельскім Форумам.

Праект працуе з мая 2019 г. і, апроч іншага, накіраваны на павышэнне ўзроўню развіцця сацыяльнай інфраструктуры раёна. Мадэрнізацыя паслуг і інфраструктуры аховы здароўя – якраз адзін з кампанентаў праекта.

Салон аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі абсталяваны вібра-, тэрма- і гукаізаляцыяй, двума месцамі для сядзення брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, паваротным медыцынскім крэслам з магчымасцю фіксацыі, цялежкай-каталкай і прыёмным прыстасаваннем для яе, месцам для размяшчэння кіслароднага канцэнтратара, мацаваннем для двух кіслародных балонаў. Ёсць тут і трымальнік інфузійных раствораў, сістэма кандыцыянавання, знешняе прыстасаванне з электрычным кабелем для падключэння да электрычнай сеткі падчас стаянкі, дадатковы свяцільнік накіраванага святла ў салоне і іншыя прылады для эфектыўнай працы медыкаў.

Галоўны лекар цэнтральнай раённай бальніцы Алена Сівая адзначыла, што аўтамабіль маркі “Форд” мяккі, камфортны, укамплектаваны шафамі для медыкаментаў, усім неабходным медыцынскім абсталяваннем. Гэта дазволіць павялічыць хуткасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. “Дзякуй праекту за доўгачаканую і такую патрэбную абноўку!” – кажа Алена Фёдараўна.

Звярнулі ўвагу на патрэбную падтрымку і жыхары: “Міярчане вельмі ўдзячныя вашай камандзе, – напісала Ірына Палякова супрацоўнікам праекта, – “Хуткая” ужо працуе!”