Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён

Пра праект:

Тэрміны: 01.05.2019 – 30.04.2022

Бюджэт: 1 085 888 €, унёсак ЕС – 975 888 €

Арганізацыя-выканаўца: Міёрскі раённы выканаўчы камітэт

Партнёры: Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (Беларусь), Латвійскі сельскі форум (г. Рыга, Латвія)

Геаграфія: Міёрскі раён, Рэспубліка Беларусь

Апісанне

Устойлівае развіццё на рэгіянальным і мясцовым узроўнях з’яўляецца адным з найважнейшых прыярытэтаў для Рэспублікі Беларусь на найбліжэйшыя гады. Раскрыць патэнцыял рэгіёну і даць імпульс для яго далейшага развіцця дапаможа партнёрства паміж мясцовай уладай і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці.

Мэты і задачы: У рамках праекта плануецца распрацаваць Стратэгію ўстойлівага развіцця (СУР) Міёрскага раёна. Яна будзе арыентавана на развіццё ініцыятывы і адказнасці мясцовай супольнасці, падтрымку біялагічнай і культурнай разнастайнасці, развіццё сацыяльнай інфраструктуры і “зялёнай” эканомікі. Запланавана інфармацыйная і адукацыйная праца з мясцовымі органамі ўлады па тэматыцы мясцовага развіцця з выкарыстаннем досведу краін ЕС. Рэалізацыя праекта будзе спрыяць актыўнаму ўключэнню мясцовых жыхароў у працу па захаванні ўнікальнага прыроднага патэнцыялу Міёрскага раёна.

ВынікіУ межах праекта падоўжаны драўляны насціл экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” ў заказніку “Ельня”, добраўпарадкавана месца для кемпінга.

У рамках рэалізацыі кампанента “Здаровы лад жыцця” у аграгарадку Язна ўсталявалі спартыўную пляцоўку, а ў Міёрах правялі капітальны рамонт падлогі гарадской спартыўнай залы і паставілі тры глядацкія трыбуны на тэрыторыі спартыўнага комплекса.

З 1 верасня 2020 г. рэалізуюцца мясцовыя ініцыятывы, две з якіх атрымалі фінансавую падтрымку ў памеры 60 тыс. еўра і восем па 10 тыс. еўра для ажыццяўлення сваіх ідэй. Ужо напрыканцы лета 2021 года будуць падведзены вынікі іх працы.

Завяршаецца распрацоўка Стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна і першай у Беларусі Моладзевай стратэгіі ўстойлівага развіцця, а таксама дапаможніка па распрацоўцы стратэгій устойлівага развіцця.

Да распрацоўкі стратэгій актыўна падключыліся мясцовыя жыхары і моладзь. Грамадскі савет па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця Міёрскага раёна, створаны ў канцы 2019 года упершыню ў Беларусі пры раённым Савеце дэпутатаў, правёў за другі праектны год 10 пасяджэнняў. На пасяджэннях Савета мясцовай уладай і насельніцтвам, акрамя стратэгій, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця раёна, што дазваляе пашырыць удзел мясцовых жыхароў у рэгіянальным кіраванні.

Праведзены шэраг семінараў і трэнінгаў, дзякуючы якім 16 чалавек прайшлі акрэдытацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымалі сертыфікаты экскурсаводаў па балоце Ельня і зараз прапануюць адпачынак на любы густ. Турысты таксама могуць набыць арыгінальныя сувеніры ручной працы, створаныя ў тэхніцы валяння з воўны.

У гарадскім парку “Паўвостраў”, дзе штогод праходзіць экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”, правялі мадэрнізацыю: адрамантавалі пешаходную дарожку, танцпляцоўку, усталявалі альтанку, дзіцячае гульнявое абсталяванне, таршэрныя свяцільні і шмат іншага.

Вялікі блок працы быў звязаны з візуалізацыяй турыстычнага брэнда раёна. На “Паўвостраве” ўсталявалі арт-аб’ект “Міёры 1514”, паставілі лаўкі са сметніцамі з яркім пазнавальным патэрнам Міёрскага краю. Такія ж лаўкі з'явіліся на вуліцах Міёраў і ў парку Дзісны.

Муралы, створаныя ў рамках праекта, у выглядзе дывана-маляванкі, “сатканага” са славутасцяў Міёршчыны, самы вялікі ў Беларусі партрэт мастака Язэпа Драздовіча, графіці паводле матываў адметнай тэхнікі падвойнага ткацтва і роспіс крамы фірмовым патэрнам з жураўлём ужо прыцягваюць турыстаў каб бліжэй пазнаёміцца з адметнасцямі Міёр, Дзісны і вёскі Пераброддзе.

Сайт праекта: http://mioryregion.by, група “Разам для грамады i прыроды: Міёрскі раён” у сацыяльных сетках “Вконтакте”, “Одноклассники”, “Facebook”.

Кантакты: Алег Сівагракаў, менеджар праекта

+ 375 29 626 46 86, mioryproekt@tut.by

Шокель Алена, менеджар сайта і па сувязях з грамадскасцю праекта

+375 29 293 40 29, mioryproekt@tut.by

Дакументы: Інфармацыйны буклет