image2 08.11.2019

Новыя ідэі і рэальныя праекты: вынікі форуму «ПраРовар-2019»

Трэці міжнародны форум «ПраРовар-2019» адбыўся ў Гомеле 25-27 кастрычніка. Буйнейшы роварны форум Беларусы сабраў 150 удзельнікаў з 20 гарадоў і 5 краін. На мерапрыемстве прысутнічала кіраўніцтва Гомеля і Гомельскай вобласці, супрацоўнікі ДАІ, прадстаўнікі гарадскіх адміністрацый з іншых гарадоў, актывісты, выкладчыкі, праекціроўшчыкі і эксперты.

Праграма форума на тры дні была вельмі насычаная: публічныя лекцыі, вольныя прэзентацыі, воркшоп, трэнінгі, дыскусіі і новы фармат узаемадзеяння – «хуткія спатканні» з экспертамі.

Акрамя таго, гомельскія актывісты падрыхтавалі веласіпедную і пешаходную экскурсіі, паказ калекцыі адзення для вялашпацыраў, велапрабег і маштабны флешмоб. Таксама адбылося тэставанне шэрынга ровараў і самакатаў. Такі сэрвіс ужо ёсць ў Мінске і Брэсце, што добра адбілася на павелічэнні долі паездак на роварах. Як стала вядома пазней, велашэрынг прыйдзе вясной і ў Гомель.

Падчас форума асноўная ўвага надавалася развіццю веларуха ў рэгіёнах. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў з усёй Беларусі падзяліліся навінамі за мінулы год. Стала добрай традыцыяй захапляцца агульнымі ідэямі, дапрацоўваць і ўвасабляць у жыццё арыгінальныя праекты.

Таксама на форуме абмяркоўваліся такія тэмы як развіццё гарадоў, велатурызм, папулярызацыя веларуху і экалагічнага ладу жыцця, магчымасці для бізнесу.

Форум быў арганізаваны ў рамках праекта «Гарадскі веларух ў Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, рэалізуецца ўстановай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і грамадскім аб'яднаннем «Мінскае веласіпеднае таварыства» пры суфінансаванні праекта Праграмай малых грантаў ГЭФ «Развіццё веларуху ў рэгіёнах Беларусі», які рэалізуецца грамадскім аб'яднаннем «Мінскае роварнае таварыства». Падтрыманы Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам у партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем «ВелаГомель».