image2 23.06.2021

Малы бізнес з вялікім уплывам: як цэнтр падтрымкі аграпрадпрымальніцтва ў Беларусі дапамагае мясцовым жыхарам адкрыць сваю справу

У Наталлі Строк, дырэктаркі сацыяльна-культурнай установы "Высакоўскі эколага-этнаграфічны цэнтр» у Бярозаўскім раёне, дзень пачынаецца вельмі рана.

Тэлефануюць партнёры, кліенты, якіх Наталля кансультуе па тэлефоне, пад'язджае да іх на прысядзібныя ўчасткі, падвозіць саджанцы, насенне і абсталяванне. Жанчына дапамагае мясцовым жыхарам пачаць свой сельскагаспадарчы бізнес у перыяд пандэміі COVID-19 і эканамічнага крызісу.

Сельскае насельніцтва - адна з найбольш уразлівых груп насельніцтва па беднасці. Паводле даследаванняў Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, асноўнымі прычынамі беднасці для жыхароў сельскай мясцовасці з'яўляюцца абмежаваныя магчымасці працаўладкавання і нізкі ўзровень аплаты працы - у сярэднім на 20% менш, чым у горадзе.

У перыяд COVID-19, калі многія бізнесы ў рэгіёнах перажываюць крызіс ці зачыняюцца, а магчымасці працаўладкавання за межамі раёнаў абмежаваныя - адкрыццё новых напрамкаў для бізнесу становіцца асабліва важным для сельскіх жыхароў.

У снежні 2019 года ў рамках супрацоўніцтва з праектам «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Business і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь, Наталля адкрыла ў Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці цэнтр падтрымкі агра-эка-прадпрымальніцтва. Тут жыхары раёна бясплатна вучацца інавацыйным тэхналогіям, прынцыпам зялёнай эканомікі, асновам вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і фінансавай пісьменнасці.

Іншымі словамі, Наталля хоча навучыць суайчыннікаў працаваць на зямлі такім чынам, каб нават на невялікіх прысядзібных участках вырошчваць якасную экалагічна чыстую прадукцыю для сябе і на продаж.

Маленькі бізнес, якому Наталля навучае сваіх кліентаў, мае вялікі эканамічны эфект - ствараюцца новыя працоўныя месцы, павялічваецца колькасць самазанятага насельніцтва, наладжваецца збыт якаснай, экалагічна чыстай аграпрадукцыі.

Цэнтр дае насенне і саджанцы, навучае пачаткоўцаў агароднікаў будаўніцтву цяпліц і садовых гадавальнікаў, прымяненню інавацыйных тэхналогій працы з агракультурамі. Цэнтр таксама гатовы дапамагчы і з рэалізацыяй вырашчанай прадукцыі. На сённяшні дзень 15 жыхароў раёна ўжо займаюцца агародніцтвам, выкарыстоўваючы насенне і саджанцы, а таксама веды, атрыманыя ў цэнтры. У спецыяльным гадавальніку для раслін, які зараз будуецца, з выкарыстаннем навуковага падыходу аналізуюцца і адпрацоўваюцца на практыцы метады вырошчвання і апрацоўкі розных саджанцаў кустоў і дрэў без выкарыстання хімікатаў. У далейшым гэтыя тэхналогіі будуць прапаноўваць кліентам цэнтра.

Наталля працуе з рознымі ўзроставымі і сацыяльнымі катэгорыямі насельніцтва: пенсіянерамі, шматдзетнымі сем'ямі, людзьмі з інваліднасцю, дасведчанымі фермерамі, пачаткоўцамі-агароднікамі. Асобную ўвагу Наталля надае працы з дзецьмі і моладдзю, бо гэта будучыня раёна. У Здзітаўская сярэдняй школе Наталля праводзіць адукацыйную праграму для школьнікаў, на зямельных участках дзеці вырошчваюць голасемянны гарбуз і лекавую каліну - усё на продаж.

Каліна лекавая, голасемянны гарбуз, канадская ажына, шыпшыннік - і гэта толькі пачатак. У планах – вырошчванне і збор лекавых траваў для экспарту ў краіны ЕС. Адкрыццё цэнтра калектыўнага карыстання для перапрацоўкі сабранай экалагічнай сыравіны. Стварэнне працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю і членаў іх сем'яў - яны будуць шыць экавырабы. Чатыры чалавекі ўжо атрымалі такую працу.

У будучыні на 20 гектарах зямлі Наталля плануе адкрыць эколага-этнаграфічны парк - эка-лабараторыю, якая аб'яднае ў сабе сучасныя агравытворчасці, платформы для даследавання і ўкаранення інавацыйных сельгастэхналогіяў, навучальныя пляцоўкі, інфраструктуру для экалагічнага турызму з новымі формамі адпачынку, ужываннем экалагічна бяспечных, энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій.

Жыццёвая гісторыя Наталлі надзвычай цікавая. Аўстрыйка па бацьку і руская па маці, яна магла бы жыць у Аўстрыі, аднак, выйшла замуж за беларуса, некаторы час жыла на дзве краіны. Калі выраслі чацвёра яе дзяцей, вярнулася ў Беларусь канчаткова, каб дзяліцца сваім багатым вопытам і ўвасабляць планы на гістарычнай радзіме. Бо родная зямля надае сіл, а разуменне, што дапамагаеш людзям - адчуванне задаволенасці і шчасця.

«Я люблю займацца бізнесам і люблю працаваць на зямлі. Таму для мяне гэта - бізнес для душы. Асабліва я радуюся, што магу далучыць і навучыць інавацыйным метадам маіх землякоў. Упэўненая, што для многіх гэта будзе выхадам з эканамічнага крызісу, асноўным заробкам альбо падмогай да даходу. Мы павінны імкнуцца стаць людзьмі, якія нешта робяць, прыйшоў час выкарыстоўваць веды і вопыт на практыцы. Нават у складаныя часы заўсёды трэба рабіць хаця б адзін крок наперад, кожны дзень», - упэўненая Наталля.