Рэспандэнтам было прапанавана ацаніць якасць гарадскога асвятлення на вуліцах горада. У абодвух выпадках былі апытаныя больш за дзве тысячы чалавек – з іх 85% пражываюць у Полацку пастаянна.
З аналізу анкет вынікае, што жыхары Полацка станоўча ацэньваюць вынікі мадэрнізацыі гарадскога асвятлення. Амаль 60% рэспандэнтаў лічаць, што асвятленне на 18 мадэрнізаваных вуліцах, а таксама дэкаратыўная падсветка гарадскіх аб'ектаў сталі лепш, чым на іншых вуліцах горада. Таксама амаль 60% апытаных у цэлым задаволеныя асвятленнем на цэнтральных і магістральных вуліцах горада – у 2015 годзе так адказала менш за 50% апытаных.
54% рэспандэнтаў лічаць, што святла на цэнтральных і магістральных вуліцах горада дастаткова, да замены асвятлення так думалі 43% апытаных. Павялічылася і колькасць людзей, якіх альбо цалкам, альбо увогуле задавальняе яркасць і колер асвятлення ў цэнтры горада, а таксама тое, як устраняюць непаладкі. Гэтую тэндэнцыю ў цэлым пацвярджае і параўнанне адказаў па кожнай мадэрнізаванай вуліцы ў асобнасці, за рэдкім выключэннем. Сярод жыхароў вуліц, дзе было заменена асвятленне, значна зменшылася колькасць рэспандэнтаў, якія зусім не задаволеныя ці не вельмі задаволеныя асвятленнем.
Пры гэтым жыхары Полацка хацелі б паляпшэння работы гарадскога асвятлення і ў іншых раёнах горада. Галоўнымі пытаннямі, якія патрабуюць паляпшэнняў, рэспандэнты назвалі недастатковае асвятленне двароў і прыдамавых тэрыторый, тратуараў і пешаходных маршрутаў да дзіцячых садоў і школ, а таксама скрыжаванняў, пешаходных пераходаў і прыпынкаў грамадскага транспарту. Сярод праблем былі таксама названы недастатковая яркасць святла, непрацоўныя ліхтары ці несвоечасовая замена свяцілень вулічнага асвятлення, адсутнасць ліхтароў у тых ці іншых месцах, колер асвятлення і час уключэння і адключэння.
Згодна з вынікамі апытання, за чатыры гады палачане сталі радзей звяртацца ў гарадскія службы са скаргамі і просьбамі па гэтых і падобных пытаннях (амаль 14% апытаных у 2015 і крыху больш за 9% у 2020). З тых, хто звяртаўся ў гарадскія службы, 49% засталіся задаволеныя тым, як адрэагавалі на іх звароты –- у 2015 годзе такіх было каля 45%.
Вынікі параўнальнага аналізу двух апытанняў, а таксама ўсе каментары рэспандэнтаў з указаннем канкрэтных месцаў, дзе патрабуецца паляпшэнне вулічнага асвятлення, былі перададзеныя спецыялістам ўчастка “Гарсвятло” Полацкага ЖКГ.
“Хацелася б адразу адзначыць, што праект “ГарСвятло” не прадугледжваў замену асвятлення на дваровых тэрыторыях, рэканструкцыя праводзілася толькі на магістральных участках 18 вуліц горада. Мы разумеем, што асвятленне двароў і спальных раёнаў хвалюе нашых жыхароў у першую чаргу, таму працуем і будзем працаваць над паляпшэннем сітуацыі па гэтым пытанні па меры нашых магчымасцяў, – адзначыў Вячаслаў Сашальскі, вядучы інжынер-электронік участка “Гарсвятло” КУП “ЖКГ г. Полацка”. – На момант анкетавання мы яшчэ завяршалі мантажныя работы, але на сённяшні дзень асвятленне на мадэрнізаваных вуліцах працуе ў поўным аб'ёме, скаргаў ад насельніцтва няма. Дзякуем удзельнікам апытання за каментарыі з указаннем праблем па канкрэтных адрасах. Праблемы мы старанна вывучылі, некаторыя няспраўнасці ўжо ліквідаваны, а астатнія возьмем на заметку і будзем выпраўляць у бліжэйшы час”.
Даследаванні грамадскай думкі сталі часткай праекту “ГарСвятло” па мадэрнізацыі сістэмы гарадскога асвятлення ў Полацку. Праект рэалізоўваўся ў Полацку са жніўня 2015 года па сакавік 2020 г. пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Дзякуючы праекту, на 28 вуліцах горада з'явіліся амаль дзве тысячы новых святлодыёдных свяцілень, новыя апоры асвятлення, шафы кіравання, 12 аўтаномных свяцілень на сонечнай энергіі, а таксама новую дэкаратыўную падсветку атрымалі 26 гарадскіх аб'ектаў, уключаючы ўздым да Сафійскага сабора, бульвар па праспекце Францыска Скарыны і мост праз Заходнюю Дзвіну
Мадэрнізацыя вулічнага асвятлення ў Полацку адбылася ў межах праекта "ГарCвятло", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.
Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, бяспекі і доступу, а таксама папулярызацыі ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванню энергетычнага рынку для скарачэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і памяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара.
Фота: Сяргей Крышэн.