image2 31.05.2018

У Мінску адбудзецца прэзентацыя унікальнага веласіпеднага маршруту «Зялёнае велакальцо»

3 чэрвеня ў Сусветны дзень ровара ААН у Мінску ўпершыню адбудзецца прэзентацыя веласіпеднага маршруту «Зялёнае велакальцо Мінска». Да ўдзелу запрашаюцца велааматары, гарадскія актывісты, журналісты і ўсе каму цікава ўбачыць зялёныя маршруты ўнутры мегаполіса. Удзел у экскурсіі бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Вядучыя экскурсіі – каманда Мінскага роварнага таварыства ў складзе Паўла Гарбунова і Максіма Пучынскага.

Поўны маршрут экскурсіі складзе 70 кіламетраў па водна-зялёных мясцінах Мінска і працягнецца каля 8 гадзін. Да экскурсіі можна будзе далучыцца ў любой частцы.

– Камандай Мінскага роварнага таварыства мы ўжо «абкаталі» гэты трэк, – распавядае пра ідэю старшыня праўлення МРТ Павел Гарбуноў. – Наша ідэя – прэзентаваць мінчукам яшчэ адну магчымасць пракаціцца на веласіпедзе па «зялёнаму» Мінску ў дадатак да існуючай Свіслацкай веладарожкі. Многія часткі дадзенага веламаршрута, які праходзіць уздоўж Мінскага воднага кальца, мы хочам прапанаваць пераўтварыць у паўнавартасныя веладарожкі.

Павел Гарбуноў перакананы, што ў многіх месцах гэтага маршруту нават мінчане ні разу не бывалі. Некаторыя ракурсы Мінска будуць зусім нечаканыя.

Акрамя таго, у такім выглядзе маршрут будзе несці і транспартную функцыю, даючы жыхарам магчымасць перамяшчацца з раёна ў раён па менш загазаваных і часам больш прамалінейных шляхах.

Разыначкай велаэкскурсіі па «зялёным велакальцу» стане водна-зялёная звязка «Дразды-Цнянка», дзе удзельнікаў мерапрыемства чакае адразу некалькі прыемных сюрпрызаў.

Прэзентацыя веломаршруту стартуе 3 чэрвеня ў 11.00 каля Нацыянальнай бібліятэкі (пр. Незалежнасці, 116).

Далучыцца да ўдзельнікаў і удзельніц мерапрыемства можна будзе ў наступных кропках:
1. Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, вуліца Пляханава, 28 (прыкладна ў 12.15).
2. Цэнтральнае кальцо Лошыцкага парку, каляля сцэны (прыкладна ў 13.00).
3. Каля ГЦ "Globo", вул. Уманская, 54 (прыкладна ў 15.30).
4. Макдональдс, вул. Прытыцкага, 58, побач з ГЦ «Скала») (прыкладна ў 16.10).
5. Запраўка United Company №8, насупраць Мінск-Арэны (прыкладна ў 16.50).

Экскурсія будзе праходзіць з хуткасцю 12-15 км/г без спецыяльных заездаў у крамы. Просьба ўдзельнікаў і удзельніц мерапрыемства разлічваць свае сілы і загадзя патурбавацца пра дастатковую колькасць ежы і пітва падчас вандроўкі на ровары.

Мерапрыемства арганізавана Мінскім роварным таварыствам у рамках праекта «Гарадскі веларух ў Беларусі» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.