image2 10.07.2018

Пухавіцкі раён падзяліўся вопытам па зборы адходаў

5 ліпеня 2018 года ў г. Мар'іна Горка прайшоў семінар па пытаннях абыходжання з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання і кампаставання арганічных адходаў. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі раённых выканаўчых камітэтаў і камунальных службаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці.

se1.jpg

Вітальныя словы ўдзельнікам семінара сказалі намеснік генеральнага дырэктара ГА «ЖКГ Мінскай вобласці» Андрэй Шульга, намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Крэмень і старшыня МГА «Экапартнёрства» Юлія Яблонская.

— Гэта выдатная магчымасць для прадпрыемстваў ЖКГ вывучыць вопыт калег з Пухавіцкага раёна, таму што такую працу неабходна праводзіць па ўсёй Мінскай вобласці, і мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб гэта ажыццявіць, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара ГА «ЖКГ Мінскай вобласці» Андрэй Шульга.

Старшыня МГА «Экапартнёрства» Юлія Яблонская нагадала, што Пухавіцкі раён першым у Беларусі распрацаваў стратэгію па абыходжанні з адходамі. Распрацоўкай стратэгіі займаліся беларускія і міжнародныя эксперты пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Стратэгія ўключала план мерапрыемстваў да 2029 года, многія з якіх рэалізоўваюцца.

se2.jpg

Ужо больш за два гады ў Пухавіцкім раёне ідзе праект па развіцці сферы абыходжання з адходамі, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. За гэты час прадпрыемству ЖКГ атрымалася ўдасканаліць сістэму збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання, а таксама змагацца са стыхійнымі звалкамі.

Адным з ключавых мерапрыемстваў праекта стала стварэнне для Пухавіцкага раёна стратэгіі інтэграванага кіравання адходамі электрычнага і электроннага абсталявання, якая дапамагла вызначыць неабходныя мерапрыемствы. Пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў грамадскіх месцах устаноўлены кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек, набыты мікрааўтобус для збору электронных і электрычных адходаў у сельскай мясцовасці, бульдозер для ліквідацыі стыхійных звалак, драбільны коўш, лінія для прэсавання ПЭТ-бутэлек, кантэйнеры для кампаставання арганічных адходаў, адкрыта пляцоўка для збору старой бытавой тэхнікі ад насельніцтва.

Каб зацікавіць жыхароў здаваць непатрэбную бытавую тэхніку на перапрацоўку і кампаставаць арганічных адходы, у раёне праводзяцца конкурсы, акцыі і семінары, выдадзены брашуры і плакаты, устаноўлены тэматычныя білборды.

— У чэрвені мінулага года мы сабралі крыху больш за дзве тоны адходаў бытавой тэхнікі, у гэтым годзе пасля набыцця міні-аўтобуса для збору адходаў гэтая лічба дасягнула больш за 25 тон, — распавёў намеснік старшыні Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Крэмень. — Перад гэтым мы правялі невялікую рэкламную акцыю, ЖКГ не толькі самастойна ажыццяўляла вываз адходаў, але і самі жыхары атрымлівалі за гэта прызы і невялікую грашовую кампенсацыю. Дарэчы, сёння наш аўтобус распісаны ўжо на тыдзень наперад.

На семінары былі прадстаўлены вынікі збору і перапрацоўкі адходаў электроннага і электрычнага абсталявання ў Мінскай вобласці за мінулы год, а таксама абмяркоўваліся планы па развіцці збору АЭЭА ў Беларусі.

Удзельнікі семінара скарысталіся магчымасцю наведаць пляцоўку для збору АЭЭА, якая была адкрыта ў Мар'інай Горцы ў рамках праекта, а таксама ўбачыць набытую тэхніку. Акрамя аб'ектаў УП «Жилтеплосервис», падчас семінара ўдзельнікам прадэманстравалі кантэйнер для кампаставання зялёных адходаў, які быў усталяваны ў ДУА «Мар'інагорская гімназія», і выкарыстоўваецца для атрымання кампоста са скошанай травы з прышкольнага тэрыторыі.

Арганізатарамі семінара выступілі ГА "Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці", Пухавіцкі РВК, МГА "Экапартнёрства". Мерапрыемства з'яўляецца часткай праекта "Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Фотаздымкі: газета «Мінская праўда» і Партал камунальнай пісьменнасці