З пачатку 2018 года ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобласці мясцовым Фондам развіцця «Старт-Усход» рэалізуецца міні-праект «Відэа-школа перспектыўнага бізнесу», які стаў часткай праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць», што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і DVV International.
Па словах каардынатара праекта Мікалая Лістападава, ідэя праекта ўзнікла ў выніку ўсведамлення таго, што за адсутнасцю ў Краснапольскім раёне буйных прадпрыемстваў і пытанняў з працаўладкаваннем, праблема адтоку працаздольнага насельніцтва, асабліва моладзі, стаіць досыць востра. Разам з тым, у раёне працуе больш за 110 індывідуальных прадпрымальнікаў, 5 фермерскіх гаспадарак, 20 прыватных прадпрыемстваў. Іх напрамкі і сферы дзейнасці досыць разнастайныя і карысныя для тых людзей, хто патэнцыйна зацікаўлены ў самазанятасці ў рэгіёне. Паспяховыя практыкі самазанятасці важна вывучаць і дэманстраваць мясцоваму насельніцтву, у тым ліку моладзі і навучэнцам старэйшых класаў. Найбольш наглядным інструментам прасоўвання ідэй самазанятасці ў рэгіёне былі абраныя відэа-ўрокі ад мясцовых прадпрымальнікаў. Згодна з ідэяй міні-праекта, відэа-ўрокі ствараюцца старшакласнікамі пад кіраўніцтвам выкладчыка на аснове праведзеных інтэрв'ю з прадпрымальнікамі раёна, што ў тым ліку спрыяе іх прафарыентацыі, заснаванай на мясцовым патэнцыяле раёна.
Вучнямі кожнай з 5 устаноў адукацыі ўжо праведзена па 10 інтэрв'ю з прадпрымальнікамі самых разнастайных сфер дзейнасці. На аснове інтэрв'ю ўжо зманціравана 50 відэаролікаў, у якіх мясцовыя бізнесмены навучаюць тонкасцям прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі Краснапольскага раёна. У школьнікаў-рэпарцёраў найбольшую цікавасць у сферы прадпрымальніцтва выклікалі такія кірункі як лесанарыхтоўка, дрэваапрацоўка, грузаперавозкі, Вытворчасць вырабаў з металу, у той час як найменшай папулярнасцю карысталася сфера гандлю. Дадзеная акалічнасць сведчыць аб тым, што ў цяперашні час у раёне запатрабаваныя невялікія вытворчасці, набірае папулярнасць сфера паслуг, у той час як гандаль пераходзіць на трэці план.
У цяперашні час рэалізацыя праекта перайшла на стадыю навучання мясцовага насельніцтва магчымасцям адкрыцця ўласнай справы на канкрэтных прыкладах. Для гэтай мэты ў якасці эксперта запрошаны дырэктар Міжнароднага фонду развіцця сельскіх тэрыторый С. В. Тарасюк, які праводзіць навучанне груп прадпрымальніцтву і распрацоўцы бізнес-планаў. У жніўні на тэрыторыі Яноўскага, Тур'еўскага і Міхніцкага сельвыканкамаў Краснапольскага раёна адбыліся 3 такія трэнінгі, дзе ўдзельнікі азнаёміліся з досведам вядзення малога бізнесу ў рэгіёне, навучыліся асновам бізнес-планавання, сфармулявалі свае бізнес-ідэі, а таксама правялі разлікі па магчымасці іх рэалізацыі. Найбольш цікавымі і практычнымі для рэалізацыі ў Краснапольскім раёне былі абраны праекты «Вытворчасць пелет», «Вырошчванне гародніны», «Птушкаферма», «Атэлье мадэльнага дызайну», «Аграсядзіба «У Лесуна», «Гадавальнік лясных культур».
У верасні рэалізацыя міні-праекта працягнецца, а вынікі будуць падведзены на раённай канферэнцыі па прадпрымальніцтве.