image2 16.12.2016

“Сацыяльная майстэрня”: паразуменне і праца дапамагаюць пераадолець залежнасць

У раённым цэнтры Смалявічы Мінскай вобласці вось ужо амаль год працуе “Сацыяльная майстэрня”. Яе стварылі, каб дапамагчы людзям, якія вырашылі пазбавіцца ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці: прапанаваць ім працу, якая гарантуе рэальную перспектыву заробку і магчымасці мець зносіны з тымі, хто ставіцца да іх з павагай і разуменнем, кажа кіраўнік праекта Уладзіслаў Каўроў, які шмат гадоў узначальвае грамадскую арганізацыю “Здаровы выбар”.

Галоўнае – устойлівы вынік

Першапачаткова, праект “Сацыяльная майстэрня” быў разлічаны на перыяд люты–чэрвень 2016 года, але паколькі ініцыятыва выявілася паспяховай і запатрабаванай, майстэрня працуе і сёння.

“Мы дамагліся першых поспехаў, імкнемся стаць камерцыйна паспяховым прадпрыемствам, прадукцыя – гіпсавыя фігуркі – ідзе на продаж і на арганізацыю дабрачынных акцый”, – кажа Каўроў. Паводле яго слоў, унікальнасць праекта – у выкарыстанні досведу груп самадапамогі, якія аб’ядноўваюць людзей з аднолькавай праблемай: размаўляючы паміж сабой, яны дапамагаюць адзін аднаму.

“Сярод тых, хто працуе ў майстэрні, ёсць тыя, хто ўжо забраў сваіх дзяцей з прытулку, але за іх утрыманне выплачваюць пазыку – да 70 працэнтаў заробку. Удзельнікі праекту могуць зарабіць у месяц 200–300 у доларавым эквіваленце, але ў майстэрні людзей трымае не толькі зарплата”, – канстатуе Уладзіслаў. Гэта пацвярджаюць і работнікі майстэрні, распавядаючы, як доўга яны пераадольвалі залежнасць і чаму для іх важна працаваць у коле людзей з падобнымі праблемамі. Паводле іх слоў, мала кінуць піць ці ўжываць наркотыкі, трэба навучыцца па-іншаму жыць і змагацца з адмоўнымі эмоцыямі.

“У Беларусі складана выжыць тым, хто кінуў піць”

“У Беларусі складана выжыць тым, хто кінуў піць і мае стаж цвярозасці, людзі адчуваюць сябе ізгоямі, цяжка знайсці працу. Гэта спараджае злосць, агрэсію, часам зрыў, кола замыкаецца”, – гаворыць 52-гадовы Уладзімір, які працуе ў майстэрні. Дзевяць гадоў таму ён пераехаў у Смалявічы з Мінска, дзе, як ён кажа, “прапіў 3-пакаёвую кватэру”. Мінулае ўспамінае, як страшны сон. Піць пачаў у 15 гадоў, пасля смерці маці. Бацька-алкаголік памёр, калі яму быў 21 год. Тады ж ажаніўся, кінуць піць не змог, праз 10 гадоў ад яго сышла жонка разам з дзвюма іх дочкамі. Працаваў кіроўцам, потым амаль на ўсіх мінскіх заводах слесарам, усюды шанавалі як добрага работніка, часта заплюшчвалі вочы на яго п’янства, але ў выніку адусюль даводзілася звальняцца.

“На сёння стаж цвярозасці амаль 11 гадоў, мне дапамаглі ў групе самадапамогі, дзе я даведаўся пра сацыяльную майстэрню”, – распавядае спадар Уладзімір. Атмасфера ў майстэрні, паводле яго слоў, дае надзею на нармальнае жыццё: “Мы дапамагаем адзін аднаму, бачым вынік, да нас прыязджаюць людзі, такія як мы, – з Жодзіна, Мінска, Барысава. Упэўнены, што хай не ўсім, але многім такія зносіны і сумесная праца дапамагае змяніць жыццё”.

“Я расказваю аб сваім мінулым, каб дапамагчы іншым”

Расповедам пра сябе 35-гадовы жыхар Смалявічаў Валерый дзеліцца без страху і ў надзеі, што камусьці дапаможа яго гісторыя, у якой нагрувашчванне праблем ішло па нарастальнай да моманту, калі Валерый даведаўся пра групы самадапамогі, а там – пра праект “Сацыяльная майстэрня”.

“Я з добрай сям’і, – распавядае Валерый, – бацькі – шаноўныя ў горадзе людзі. Разумеў, што прычыняў ім шмат гора, але спыніцца не мог. Мая гісторыя – класіка жанру: выпіўка – лёгкія наркотыкі – гульняманія. Усё пачалося ў 14 гадоў з спіртнога, тады і пасля ап’яненне акрыляе, адчуваў сябе лідарам. Скончыўшы 9 класаў, пайшоў у ПТВ, тады да алкаголю дадаліся лёгкія наркотыкі”.

Рашэнне змяніць жыццё Валерый прымаў неаднаразова. Паспадзяваўся на войска, але там “папрасіўся на працу ў кацельню, сыходзіў па начах купляць спіртное, усё вярнулася на кругі свая”. Пасля войска Валерый вырашыў, што яго спыніць адказнасць за свой бізнес: “Бацькі дапамаглі грашыма, адкрыў гандлёвую кропку на рынку, купіў машыну. Справы хутка пайшлі ў гару, але ненадоўга. Я акунуўся ў кампанію, дзе лічылася, што п’юць некрутыя хлопцы, а крутыя – паляць наркотыкі. На іх сышла ўся немалая выручка, бізнес прагарэў”.

Наступнай спробай расстацца з праблемамі была жаніцьба: “Думаў, што адказнасць за сям’ю спыніць. Праз два гады нарадзілася дачка. Але да алкагольнай і наркатычнай залежнасці дадалася гульняманія. Банкі давалі “хуткія крэдыты”, заграз у даўгах, з сям’і давялося сысці. У 2009 годзе здзейсніў злачынства, трапіў у турму за разбой. Выйшаў адтуль датэрмінова, сям’я мяне прыняла, і ў чарговы раз цвёрда вырашыў, што з мінулым скончана”.

Але сваё слова Валерый парушыў. Прыйшлося сысці з сям’і. “Аднойчы я прачнуўся, седзячы на ўзбочыне ходніка ў Мінску. Без грошай. Ісці няма куды. Да бацькоў нельга: невыносныя маміны слёзы”, – так апісвае Валерый апошні эпізод з (у гэтым ён сёння ўпэўнены) мінулым жыцці. Але тады ён думаў пра суіцыд. “Паехаў развітвацца з мамай, а яна ўгаварыла мяне лячыцца ў рэабілітацыйным цэнтры. Там мяне пазнаёмілі з групай ананімных алкаголікаў, потым з арганізацыяй “Здаровы выбар”. Так я трапіў у сацыяльную майстэрню, якая дапамагае жыць”.

Валерый тры гады не п’е, але, толькі пасля таго як ён пачаў працаваць у майстэрні, паводле яго слоў, з’явілася ўпэўненасць: “Да мінулага ўжо не вярнуцца. Толькі словы падзякі стваральнікам майстэрні. Мне дапамаглі адчуць сябе звычайным чалавекам. Сёння жыву без страху сустрэць старых “сяброў”, ведаю, што ім адказаць, упэўнены, што ёсць падтрымка – людзі, якія працуюць разам са мной. Вярнуўся ў сям’ю, адносіны наладзіліся з жонкай, 10-гадовай дачкой і іншымі сваякамі”.

Праект “Сацыяльная майстэрня”, упэўнены Валерый, дапамагае сёння амаль сотні людзей. Акрамя таго, гэтая ініцыятыва – удалы прыклад сацыяльнага прадпрымальніцтва, якое толькі пачынае развівацца ў Беларусі.

Алена Данейка, спецыяльна для праекта UNeighbours East.

*************************************

Мясцовая ініцыятыва “Сацыяльная майстэрня” рэалізуецца з 1 студзеня 2016 года ў рамках праекта “Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і Праграмы развіцця ААН.