image2 03.04.2020

Крок за крокам у бок экалагічнага прадпрымальніцтва ў экарэгіёне “Даліна ракі Ясельда”

Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць пры паўторы фразы “Спораўскі заказнік”? Няцяжка выказаць здагадку, што 99% апытаных адкажуць: «Вяртлявая чарацянка, птушкі, бёрдвотчынг, зноў чарацянка і, вядома ж... “Спораўскія сенажаці”! Больш дасведчаныя біёлагі адкажуць, што яшчэ можна дадаць у спіс гарычку і венерын чаравічак, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Усё гэта так! Але гэта далёка не поўны спіс таго, чым багатая тэрыторыя заказніка “Спораўскі”, размешчанага ў чатырох раёнах Брэсцкай вобласці. У Бярозаўскім раёне дзейнічаюць чатыры сельсаветы ‒ Міжлескі, Здзітаўскі, Стрыгінскі і Спораўскі.

Бясспрэчна, раён валодае ўнікальнымі прыроднымі багаццямі, але ў ім ёсць і людзі, і мясцовыя ўлады, гатовыя супрацоўнічаць, і гісторыка-культурныя каштоўнасці, і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Менавіта з мэтай вызначэння пераваг і магчымасцей дадзенай тэрыторыі праводзіцца серыя мерапрыемстваў, прадугледжаных праектам “Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”, які фінансуецца ЕС і рэалізуецца Бярозаўскім райвыканкамам. Каб даведацца меркаванне мясцовага насельніцтва, у кожным з сельскіх Саветаў ствараюцца групы з ліку мясцовых жыхароў, гатовых удзельнічаць у далейшай рэалізацыі праекта. Бо адна з задач ‒ сумясціць пункты гледжання мясцовага насельніцтва і экспертаў і знайсці асноўныя напрамкі для развіцця прадпрымальніцтва з карысцю для біялагічнай разнастайнасці рэгіёну.

Асаблівасцю падыходу, які ўжываецца ў праекце, з’яўляецца актыўны ўдзел мясцовага насельніцтва і факусіроўка не на праблемах, а на магчымасцях. У працы ўлічваюцца не толькі фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы праектнай тэрыторыі, але і нематэрыяльныя, як, напрыклад, кулінарныя традыцыі ці народныя рамёствы.

Праца з актыўнымі жыхарамі дазваляе знайсці, а, часам, і ўспомніць забытыя скарбы Бярозаўскага раёна і вызначыць магчымасці для прадпрымальніцтва. Спораўская рыба, полька, Здзітаўскі кірмаш, гульні, народныя гулянні, музей гумару, маёнтак Барэйшы, жаночы клуб рукадзельніц, блізкасць буйных сельгаспрадпрыемстваў для пабудовы ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і наяўнасць свабодных плошчаў ‒ гэта толькі малая частка рэсурсаў для развіцця прадпрымальніцтва, якую пазначылі ўдзельнікі ініцыятыўных груп у ходзе ацэнкі сваёй тэрыторыі.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, ад 5 да 10 % працаздольнага насельніцтва гатовыя стаць прадпрымальнікамі пры спрыяльных умовах. Перспектыўнымі напрамкамі для бізнесу мясцовыя жыхары называюць: сельскую гаспадарку з вытворчасцю экалагічна чыстай прадукцыі, развіццё рамесніцтва, сферы бытавых паслуг, развіццё транспартных паслуг, такіх як таксі або дастаўка тавараў.

Асаблівую ўвагу жыхары надаюць развіццю турызму. Прапанаваныя варыянты разнастайныя ‒ аграэкатурызм, этнаграфічны турызм, арганізацыя экскурсій, падзейны турызм, водны турызм, гатэльны і рэстаранны бізнес. Пералік прапаноў у галіне турызму можна працягваць і працягваць, бо для гэтага ёсць багатыя прыродныя рэсурсы заказніка “Спораўскі” і жаданне мясцовых жыхароў працаваць і развівацца ў гэтым кірунку. Работа экспертаў і насельніцтва дазволіла знайсці і даволі нестандартныя ідэі для бізнесу, напрыклад: збор, перапрацоўка і продаж драўнянага матэрыялу, лекавых траў, ягад, выраб віна і варэння, арганізацыя спаборніцтваў па лоўлі рыбы, катанне на байдарках, дрыфтынг і стварэнне парку забаў.

Падводзячы вынікі першага этапу працы з ініцыятыўнымі групамі сельскіх саветаў, можна сказаць, што магчымасці для развіцця прадпрымальніцтва і рамесніцтва ў рэгіёне ёсць! Дзякуючы праекту мясцовыя жыхары змогуць паспрабаваць сябе ў ролі прадпрымальнікаў. У рамках Конкурсу мясцовых ініцыятыў праектам будуць падтрыманы найлепшыя прадпрымальніцкія ідэі для рэгіёну. Правядзенне конкурсу запланавана на другую палову бягучага года.

Магчымасці, якія вызначаны сумесна, могуць стаць як ідэяй для пачатку сваёй уласнай справы, так і ўнёскам у агульную будучыню свайго краю.