image2 23.07.2020

У мінскім каледжы асвойваюць мехатроніку ‒ адну з самых запатрабаваных прафесій будучыні

Дзякуючы еўрапейскаму праекту ў каледжы створаны вучэбны цэнтр «Індустрыя 4.0» для падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.

Сертыфікаваны навучальны цэнтр «Індустрыя 4.0» у Каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі першы не толькі ў нашай краіне. Яго аналагаў пакуль няма і на ўсёй тэрыторыі постсавецкай прасторы. Па сутнасці, гэта так званы разумны завод у мініяцюры, інавацыйная вучэбная пляцоўка для падрыхтоўкі будучых мехатронікаў. Ужо сёння гэтая спецыяльнасць вельмі запатрабаваная на прадпрыемствах, дзе выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы вытворчасці, а ў перспектыве толькі на такія кадры і будзе попыт ва ўсіх галінах прамысловасці (мехатроніка ‒ сінтэз механікі, электронікі і праграмавання. ‒ Заўв. аўт.).

З гэтага года каледж пачаў прыём навучэнцаў на спецыяльнасць «тэхнік-мехатронік», зноў стаўшы адным з першых у рэспубліцы. У каледжы абсталяваны сучасныя лабараторыі, што адкрывае для навучэнцаў новыя магчымасці. У прыватнасці, будучыя спецыялісты змогуць атрымліваць практычныя навыкі ў навучальным цэнтры «Індустрыя 4.0».

‒ У папярэднія тры гады гэтая спецыяльнасць у нас была ў рамках эксперыменту. Цяпер яна ўведзеная ў класіфікатар, ‒ распавядае дырэктар каледжа Арцём Рыбак. ‒ Тэхнік-мехатронік ‒ гэта такі комплексны спецыяліст, які сёння адпавядае духу часу і патрэбам сучасных прадпрыемстваў. Ён можа з нуля напісаць кіравальную праграму, вырабіць дэталь на станку і пратэставаць яе.

Директор колледжа.jpg

Адкрытая ў навучальнай установе пляцоўка «Індустрыя 4.0» ‒ сертыфікаваны цэнтр кампаніі Festo (FACT) ‒ выкананая па ўсіх міжнародных правілах і стандартах. Яе адкрыццё стала магчымым дзякуючы перамозе ў конкурсе, які праводзіцца Міністэрствам адукацыі ў рамках праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і накіраваны на падтрымку сістэмы прафесійнага навучання ў Беларусі, каардынатарам якога выступаў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі. Навучальныя ўстановы апісвалі мадэль класаў або цэнтраў, якія хацелі ў сябе стварыць.

Каледж паставіў сабе задачу пераходу на лічбавую вытворчасць, прадставіўшы апісанне двух праектаў ‒ «Індустрыя 4.0» кампаніі Festo і «Майстэрня шматвосевых станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем». У лістападзе мінулага года гэтыя пляцоўкі ў навучальнай установе ўрачыста адкрылі.

‒ У тым ліку задача гэтых лабараторый ‒ павышаць кваліфікацыю і праводзіць перападрыхтоўку спецыялістаў, якія ўжо працуюць на вытворчасці. Сёння нашы базавыя прадпрыемствы і іншыя арганізацыі могуць адпраўляць да нас на навучанне сваіх аператараў, наладчыкаў, тэхнолагаў, інжынераў, ‒ удакладняе дырэктар каледжа.

3.jpg

Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання праходзяць стажыроўкі на вядучых прадпрыемствах нашай рэспублікі і за мяжой. Акрамя гэтага, з 2014-га, з тых часоў, як Беларусь далучылася да руху Wordskills, каледж паспяхова ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах, што дазваляе пашыраць кампетэнцыі педагагічнага складу. Сёння два прадстаўнікі гэтай навучальнай установы з’яўляюцца міжнароднымі экспертамі Wordskills.

Павел Сініца, кіраўнік навучальнага цэнтра «Індустрыя 4.0», нацыянальны эксперт па кампетэнцыі «мехатроніка», з гонарам распавядае пра новую інавацыйную вучэбную пляцоўку:

‒ Такія тэхналогіі выкарыстоўваюцца на так званых разумных заводах. Тут зусім іншыя сістэмы кіравання, зусім іншая арганізацыя працы, дыспетчарызацыя ўсіх працэсаў. Тут усё заўсёды павінна ляжаць на сваіх месцах. Усё, што робіць чалавек уручную, ён павінен фіксаваць, усё, што робяць машыны, фіксуецца само па сабе. Проста трэба ведаць, дзе глядзець, як глядзець і як гэтым усім кіраваць.

Павел Синица.jpg

Кіраўнік цэнтра таксама ўдакладняе: мехатроніка сёння ўваходзіць у топ 20 самых запатрабаваных у свеце прафесій будучыні. І цалкам відавочна, што педагог душой хварэе за сваіх падапечных. Каманда, якую Павел Сініца трэніраваў на першы чэмпіянат Беларусі ў 2014-м, заняла першае месца і прывезла каледжу першы медаль Wordskills. У 2016-м ‒ атрымала дыплом першай ступені.

Сам Павел Віктаравіч кажа, што для яго галоўнае ‒ падрыхтаваць высакакласных спецыялістаў, навучыць і захапіць сваёй прафесіяй. З адкрыццём інавацыйнай адукацыйнай пляцоўкі «Індустрыя 4.0» сумнявацца ў поспеху наўрад ці варта.

Аўтар: Наталля Кавалёва