Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі
Пра праект:
Тэрміны: 30.03.2017—18.12.2021
Бюджэт: 5.400.000 еўра
Арганізацыя-выканаўца: кансалтынгавая група GFA (Германія) у супрацоўніцтве з міжнароднай кампаніяй ECORYS (Польшча, Нідэрланды)
Геаграфія: Мінск і Мінская вобласць, а таксама 12 каледжаў у розных рэгіёнах Беларусі (Барысаў, Орша, Гродна, Гомель, Кобрын, Маладзечна)
Апісанне
Праект накіраваны на адаптацыю сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў у Беларусі пад патрэбы сучаснага рынку працы.
Мэты і задачы: павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў і палепшыць магчымасці працаўладкавання моладзі і дарослага насельніцтва.
Прамежкавыя вынікі: Праект складаецца з трох кампанентаў. Першы кампанент — умацаванне нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Плануецца распрацаваць 45 прафесійных стандартаў, якія стануць асновай для новых адукацыйных праграм і навучальных планаў у 12 пілотных каледжах. Іх выкладчыкі пройдуць спецыяльнае навучанне ў краінах ЕС.
У рамках першага кампанента таксама распрацоўваюцца рэкамендацыі па падрыхтоўцы Нацыянальнай стратэгіі развіцця навучання на працягу ўсяго жыцця. Дакумент будзе спрыяць дыялогу паміж дзяржаўным і прыватным сектарам і дасць гнуткі падыход да бесперапыннай прафесійнай адукацыі для дарослых. Будуць распрацаваныя і апрабаваныя новыя схемы фінансавання такой адукацыі, што павялічыць аўтаномнасць навучальных устаноў, а таксама здольнасць сістэмы адукацыі лепш забяспечваць рэнтабельнасць, празрыстасць і падсправаздачнасць.
Другі кампанент — распрацоўка нацыянальнай стратэгіі развіцця сістэмы забеспячэння якасці. Гэта дазволіць установам адукацыі адпавядаць сучасным стандартам у навучанні. Плануецца абсталяваць рэсурсныя цэнтры ў сферы энергетыкі і інклюзіўнай адукацыі, якія стануць цэнтрамі перадавога досведу. У пачатку і ў канцы праекта будуць праведзеныя апытанні насельніцтва, каб выявіць ступень прывабнасці прафесійнай адукацыі і ступень задаволенасці яе якасцю ў краіне.
У рамках трэцяга кампанента распрацоўваецца і апрабуецца методыка даследавання рынку працы па прагназаванні патрэб у прафесіях, што дасць магчымасць не толькі вывучыць попыт на сучасным рынку працы, але і апярэдзіць будучы недахоп кваліфікаваных кадраў. Таксама плануецца распрацаваць механізм для распаўсюджвання інфармацыі аб стане рынку працы сярод аналітыкаў, навучэнцаў, шырокай грамадскасці.
За час праекта запланавана правядзенне трэнінгаў і адукацыйных візітаў для больш чым 3.600 прадстаўнікоў устаноў прафесійнай адукацыі.
Кантакты: Валерыя Кедзіч, памочнік кіраўніка праекта
+375 29 330 85 75, e-mail: Valerie.Kedich@gfa-group.de