image2 30.11.2018

Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні – тэма чарговага нумара «Еўрабюлетэня»

Новы нумар «Еўрабюлетэня» прысвечаны праектам, якія дапамагаюць мясцовым уладам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці і актывістам сумесна вырашаць лакальныя праблемы і спрыяюць паляпшэнню жыцця людзей.

Аб праекце «Вучыцца, каб дзейнічаць» распавяла Іна Краўчонак. Яго асноўная мэта – спрыянне рэалізацыі права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця. Праект дае магчымасць людзям з сацыяльна ўразлівых груп атрымаць новыя навыкі і веды, каб у перспектыве знайсці добрую працу.

Вікторыя Савельева падзялілася вынікамі рэалізацыі ініцыятывы «Не губляючы часу!» праекта БЕЛМЕД. У межах праекта для 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў Сенненскага раёна Віцебскай вобласці былі закуплены электраровары, што дазволіла значна скараціць час на дарогу фельчараў да пацыентаў.

Аб стварэнні ў Брэсцкім раёне рэабілітацыйна-аздараўленчага гарадка расказала Аксана Верамяюк. Цяпер людзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарата і пажылыя грамадзяне могуць займацца рознымі відамі фізічнай актыўнасці і атрымліваць навыкі здаровага ладу жыцця.

Алена Малочка падзялілася гісторыяй стварэння ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці Цэнтра сельскагаспадарчых інавацый. Дзякуючы праекту 15 сем'яў навучыліся эфектыўна выкарыстоўваць асабістыя падсобныя дапаможныя гаспадаркі з эканамічнай выгадай для сябе і раёна.

Карына Салавей распавяла, як новае цікавае хобі – назіранне за птушкамі – не толькі вучыць беларусаў беражліваму стаўленню да прыроды, але і дапамагае далучаць іх да здаровага ладу жыцця.

Нумар завяршае блок навін, у тым ліку – аб выніковай канферэнцыі праекта «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».