image2 15.02.2018

Завершыўся фінансуемы Еўрапейскім саюзам праект «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі»

14 лютага ў Мінску адбылася заключная прэс-канферэнцыя праекта ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі». Таксама падчас прэс-канферэнцыі былі прадстаўлены распрацаваныя ў рамках праекта прэзентацыйныя матэрыялы, прызначаныя для прасоўвання Беларусі і беларускіх рэгіёнаў як на міжнародным, так і на ўнутраным турыстычным рынку.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной распавёў аб выніках працы беларускай турыстычнай галіны і адзначыў важнасць праекта ЕС. У прыватнасці, Міхаіл Кравец сказаў: «Я хацеў бы падзякаваць за выдатную працу праект ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» і ўсіх занятых у гэтым праекце спецыялістаў. Дзякуючы сумесным намаганням мы знаходзім новыя напрамкі для эфектыўных інвестыцый у развіццё беларускага турызму. Па выніках мінулага года, у рэспубліканскі бюджэт ад турыстычнай галіны паступіла каля 170 мільёнаў даляраў, і мы спадзяемся павялічыць яе прыбытковасць ў Беларусі ўжо ў найбліжэйшай будучыні».

Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза Андрэа Віктарын таксама распавяла пра важнасць фінансуемых ЕС праектаў, якiя накіраваны на ўстойлівае развіццё беларускіх рэгіёнаў. «У рамках праекта ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» намі было інвесціравана каля 1,7 мільёнаў еўра ў пяць беларускіх дэстынацый. Праект садзейнічаў ўкараненню перадавога еўрапейскага вопыту, тэхнік, падыходаў, маркетынгу і ўмацаванню патэнцыялу для стварэння новых, а таксама для абнаўлення ўжо добра вядомых рэгіянальных турыстычных брэндаў і турыстычных прадуктаў ».

Прадстаўнікі пілотных дэстынаций таксама падкрэслілі важнасць атрыманых вынікаў для развіцця турызму на мясцовым узроўні і падзякавалі ўсім удзельнікам за плённае супрацоўніцтва. Заключнае слова ўзяў кіраўнік праекта ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» Янэз Сіршэ:

«Я аптыміст і веру ў перспектыву развіцця турызму ў Беларусі», - падзяліўся Янез Сіршэ. «Важна разумець, што турызм прыносіць прыбытак не толькі ад продажу квіткоў ці гасцініц. Зарабляць на турызме можна таксама i ўскоснымі спосабамі, таму з'яўленне турыстаў заўсёды ініцыюе дух прадпрымальніцтва ў рэгіёне, што ідзе на карысць яго развіццю. З боку дзяржавы варта надаваць увагу турызму як цэнтралізавана, так і на мясцовым узроўні, падтрымліваць двухбаковую сувязь і вызначаць прыярытэты ў напрамках развіцця. Рэгіянальны турызм не павінен быць аматарскім, яго трэба развіваць прафесійна. Для гэтага неабходныя стратэгічнае бачанне, разуменне турыстычнага рынку, задавальненне патрэбаў турыстаў i матывацыя мэтавай аўдыторыі».
//

Аб праекце:

Мэтай праекта ЕС «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» было садзейнічанне і аказанне тэхнічнай дапамогі суб'ектам турыстычнай галіны Беларусі. Геаграфія праекта ўключала пяць пілотных дэстынацый: Аўгустоўскі канал, Камянец-Пружаны, Мсціслаў, Мядзель і Полацк. 

За два гады ў рамках праекта былі распрацаваны стратэгіі ўстойлівага развіцця для пяці пілотных дэстынацый і пакрокавыя планы адпаведных мерапрыемстваў. Акрамя таго, для кожнай з пілотных дэстынацый праекта былі распрацаваны ўласныя лагатыпы і стратэгіі брэндаў. Варыянты турыстычнага лагатыпа і стратэгія брэнда былі прапанаваны і для Беларусі.

Для прасоўвання краіны і пілотных дэстынацый праекта на турыстычным рынку каманда праекта распрацавала друкаваныя прэзентацыйныя матэрыялы, якія былі надрукаваны на 4 мовах тыражом больш за 100 000 асобнікаў. З гэтай жа мэтай былі зняты прэзентацыйныя відэаролікі для кожнай з дэстынацый праекта.

Праект унёс важкі ўклад ва ўкараненне ў Беларусі дапаможнага рахунку турызму (TSA) - міжнароднай методыкі комплекснага уліку статыстычных дадзеных турызму. У ходзе праекта для беларускіх спецыялістаў турыстычнай галіны арганізоўваліся як міжнародныя навучальныя паездкі, так і паездкі па абмене вопытам ўнутры Беларусі. У тэматычных трэнінгах і семінарах праекта прынялі ўдзел больш за 700 беларускіх спецыялістаў.

Праект ЕС "Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі" ажыццяўляўся кансорцыумам, узначаленым кампаніяй European Profiles S. A. ў супрацоўніцтве з групай міжнародных і беларускіх экспертаў і прафесіяналаў турызму ў перыяд з 17 жніўня 2015 па 16 лютага 2018 года.

Больш падрабязна аб праекце, мерапрыемствах, вынiках работы і прэзентацыйных матэрыялах вы можаце даведацца на афіцыйным сайце праекта па спасылцы www.stdbelarus.com.