image2 16.11.2017

Педагогам Мінскай вобласці распавялі, як у Пухавіцкім раёне экалагічным звычкам вучаць з дапамогай васьмінога

У ДУА "Мар'інагорская гімназія" 9 лістапада 2017 года прайшоў семінар для педагогаў Мінскай вобласці, дзе разглядаліся розныя практыкі экалагічнай адукацыі.

Яго арганізатарамі выступілі Мінскі абласны інстытут адукацыі сумесна з Пухавіцкім раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму, а таксама сама гімназія.

il2.JPG

Месца правядзення было выбрана не выпадкова. На базе ДУА "Мар'інагорская гімназія" створаны зялёны дах, а таксама ўстаноўлены кантэйнер для кампаставання арганічных адходаў. Аб'екты былі створаны ў рамках праектаў, што фінансуюцца Еўрапейскім саюзам ‒ "Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі" і "Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці". Знаёмства з дадзенымі навінамі стала адным з блокаў праграмы семінара.

Падчас выступаў эксперты расказалі пра інфармацыйна-практычную працу па абыходжанні з адходамі ў Пухавіцкім раёне, адукацыйныя магчымасці куткоў жывой прыроды і інфармацыйныя цэнтры па рэсурсазберажэнні на тэрыторыі Мінскай вобласці.

мусоровоз.jpg

Вялікую цікавасць выклікаў вопыт інфармацыйных і адукацыйных мерапрыемстваў праекта "Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Яго прадставіла спецыяліст па экалагічнай адукацыі МГА "Экапартнёрства» Ірына Ластаўка.

‒ У Пухавіцкім раёне тэма правільнага абыходжання з адходамі здабыла свой візуальны вобраз. Мы правялі конкурс дзіцячых малюнкаў і выбралі персанаж, які стаў асновай для распрацоўкі лагатыпа нашага праекта. Гаворка ідзе пра васьмінога, які трымае ў сваіх шчупальцах розныя віды адходаў, тым самым дэманструючы, што іх неабходна падзяляць і адпраўляць на перапрацоўку. Зараз гэты вобраз мы актыўна выкарыстоўваем пры стварэнні розных інфармацыйных матэрыялаў праекта, як друкаваных, так і электронных, размяшчаем яго на сувенірнай прадукцыі, білбордах і нават упрыгожылі ім смеццявоз. На наш погляд, персанаж не толькі прыцягвае ўвагу, але і стварае ў жыхароў Пухавіцкага раёна пачуццё дачынення і замацоўвае правільныя мадэлі паводзінаў, ‒ падкрэсліла Ірына Ластаўка.

лого_коллаж.jpg

Спецыяліст адзначыла, што дзякуючы праекту ў раёне рэгулярна праводзяцца навучальныя мерапрыемствы па пытаннях абыходжання з адходамі для педагогаў, конкурсы, інфармацыйныя акцыі, у 6 ўстановах адукацыі ўстаноўлены кантэйнеры для кампаставання зялёных адходаў. Пасля ўсталявання ва ўстановах адукацыі кантэйнераў для збору батарэек плануецца правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, каб прывіць вучням звычку не выкідваць адпрацаваныя батарэйкі ў агульнае смецце.

Удзельнікі семінара таксама даведаліся аб планах ДУА "Мар'інагорская гімназі" выкарыстоўваць спецыяльных чарвякоў для атрымання біягумусу. Цяперашнія навучэнцы спрабуюць правільна за імі даглядаць і назіраюць за паводзінамі. Магчымасць выкарыстоўваць чарвякоў ва ўстанове адукацыі таксама з'явілася дзякуючы праекту ЕС.