Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза ў Барысаўскім, Браслаўскім і Хойніцкім раёнах будуць створаны новыя цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва. Яны стануць інтэгратарамі і генератарамі інавацыйных бізнес-ідэй, прапануюць мясцовым прадпрымальнікам новыя веды, тэхналогіі і мадэлі вядзення бізнесу. Новыя цэнтры прапануюць магчымасць удзелу ў эканоміцы для моладзі, людзей з інваліднасцю, жанчын, пажылых людзей.
Стварэнне інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва будзе спрыяць росту колькасці МСП, умацаванню прыватнага сектара і мясцовай ініцыятывы. Гэта дапаможа эканоміцы Беларусі паспяхова пераадолець наступствы COVID-19 і ў будучыні павялічыць тэмпы эканамічнага росту.
«Мы чакаем, што новыя структуры падтрымкі прадпрымальніцтва стануць цэнтрам прыцягнення добрых бізнес-ідэй і мультыплікацыі паспяховага досведу для мясцовых бізнесоўцаў і індывідуальных прадпрымальнікаў», ‒ пракаментаваў Дзмітрый Матусевіч, нацыянальны каардынатар праекта, намеснік Міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь.
«Мы спадзяемся, што досвед створаных ініцыятыў будзе настолькі паспяховы, што яго можна будзе ўжыць у іншых раёнах Беларусі. Упэўнены, што рэалізацыя ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва ў рэгіёнах, дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы, павялічыць дабрабыт людзей і паступленне падаткаў у мясцовыя бюджэты. Усё гэта як ніколі важна ў сітуацыі эканамічнай нявызначанасці», ‒ адзначыў Дзірк Шубель, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.
Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва падкрэсліла, што цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва будуць працаваць у новых эканамічных рэаліях. «Выклікі, якія стаяць сёння перад малым бізнесам у рэгіёнах, даюць унікальныя магчымасці для перазагрузкі і могуць стаць драйверам для трансфармацыі, абуджэння дрымотнага патэнцыялу і новага росту ў розных сектарах эканомікі. Новыя перспектывы для росту можна ўбачыць у такіх сферах, як адукацыя, медыцына, інфармацыйныя тэхналогіі, ІТ-кансалтынг, вытворчасць бытавых прыбораў, турызм», ‒ адзначыла Аляксандра Салаўёва.
Ініцыятывы з Барысаўскага, Браслаўскага і Хойніцкага раёнаў сталі пераможцамі ў дадатковым конкурсе ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва. 5 мая адбылася ўрачыстая анлайн-цырымонія віншавання пераможцаў.
Конкурс ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, праведзены ў рамках праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.
07.05.2020