image2 15.05.2020

Дапамога Еўрапейскага саюза пашырыць магчымасці беларускіх хірургаў

Дзякуючы праекту “Павышэнне якасці жыцця хворых на рак у Гродзенскай вобласці і Віленскім павеце” для Гродзенскай універсітэцкай клінікі будзе закуплена новае лапараскапічнае абсталяванне. Яно дазволіць праводзіць анкалагічныя аперацыі з мінімальным траўмаваннем пацыентаў. Такія аперацыі пераносяцца лягчэй, чым адкрытыя хірургічныя ўмяшанні, пацыенты пасля іх хутчэй аднаўляюцца.

“Паколькі мы маем справу з анкалогіяй, лекары павінны дасканала валодаць метадычным матэрыялам для паспяховага правядзення аперацый, ‒ кажа каардынатар праекта Аляксандр Правароў. ‒ Для нашых спецыялістаў будзе арганізавана каля 50 анлайн-сеансаў аперацый у Віленскай універсітэцкай клініцы, кансультацыі і стажыроўкі на працоўных месцах”.

Галоўная мэта праекта ‒ умацаванне супрацоўніцтва паміж Літвой і Беларуссю, абмен досведам па паляпшэнні якасці жыцця анкалагічных хворых у Віленскім павеце і Гродзенскай вобласці, пашырэнне доступу да малаінвазіўных хірургічных паслуг ва ўралогіі, абдамінальнай хірургіі, акушэрска-гінекалагічнай сферы.

Усяго за час рэалізацыі праекта ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы плануецца выканаць 300 малаінвазіўных аперацый. Набытае абсталяванне будзе выкарыстоўвацца і пасля заканчэння праекта.

Праект рэалізуецца ў рамках трансгранічнай праграмы “Латвія – Літва – Беларусь”.