Выстава пад адкрытым небам «Праекты ў асобах» працягвае актыўна працаваць і позняй восенню. Новы пункт яе размяшчэння – Камсамольскі сквер, самы цэнтр Магілёва.
Выступаючы на адкрыцці з прывітальным словам Іна Караткевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, адзначыла, што ўсіх герояў выставы вылучае галоўнае – жаданне зрабіць сваю вёску, свой горад, свет вакол сябе лепш і больш гарманічнымі.
Таццяна Аляксеева, каардынатар па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, пракаментавала, што Магілёў прымае выставу ўжо ў другі раз: героі першага сезона былі прадстаўлены яшчэ летам 2015 года. За гэты час экспазіцыя амаль што цалкам змянілася, але сама канцэпцыя засталася ранейшай – партрэты герояў, зробленыя фотамастачкай Юліяй Мацкевіч, і інфаграфіка, якая падрабязна прадстаўляе механізм праекта.
Шмат праектаў, так ці інакш, звязаны з Магілёвам і вобласцю: «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі», «Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь», «Ад вытокаў да развіцця», «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і іншыя.
На адкрыцці праект «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі» прадставіла Алеся Чумакова, прэс-сакратар МГА «Экапартнёрства».
За два гады рэалізацыі праекта колькасць беларускіх гарадоў, якія ўдзельнічаюць у Пагадненні мэраў па энергіі і клімату, вырасла з 11 да 40. Для прадстаўнікоў гэтых гарадоў праводзяцца трэнінгі і канферэнцыі, дзе яны могуць пашырыць свае веды аб энергаэфектыўнасці і адаптацыі да змены клімату.
Праект «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» быў прадстаўлены Аленай Пахоменка, рэгіянальным каардынатарам праекта па Магілёўскай вобласці:
– Будучыня малых гарадоў і сельскіх тэрыторый наўпрост залежыць ад працы мясцовай улады і актыўнага ўдзелу насельніцтва. Таму задачай праекта стаіць дапамагчы мясцовым органам улады вырашаць пытанні планавання мясцовага развіцця і ажыццяўляць удзел ў ім грамадзян. Вырашыўшы праблемы лакальнага развіцця, можна разлічваць і на павышэнне ўзроўню жыцця па ўсёй краіне.
Выстава будзе працаваць у Магілёве да 25 лістапада. А далей яна адправіцца ў фінальную кропку свайго маршруту – Віцебск.
14.11.2018