На ўрачыстым адкрыцці Людміла Шымбалева, дырэктар галерэі і старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Гомеля, заўважыла, што сярод наведвальнікаў выставачнага цэнтра заўсёды вельмі шмат моладзі, і ім будзе цікава пазнаёміцца з гісторыямі людзей, якія змяняюць вакол сябе жыццё да лепшага, тым больш што матэрыял прадстаўлены ў яркай, сучаснай і эмацыянальнай форме.
Па традыцыі на адкрыццё "Праектаў" запрашаюцца самі героі выставы. У гэты раз Гомельскую вобласць прадстаўляла Святлана Драгунцова, старшыня абласнога грамадскага аб'яднання "ВелаГомель" (удзельніца праекта "Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь"). На адкрыццё Святлана прыехала на эфектным чырвоным ровары, які адразу прыцягнуў увагу журналістаў і стаў выдатным падмацаваннем яе слоў пра важнасць "зялёнага" транспарту ў сучасным горадзе.
– Для нас, як для прадстаўнікоў супольнасці раварыстаў, праект стаў вырашальным штуршком для пачатку маштабных зменаў у развіцці веласіпеднага руху ў Беларусі. Пры экспертнай і фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза цяпер у нас ёсць магчымасць наведваць міжнародныя семінары, форумы, кангрэсы, арганізоўваць мерапрыемствы высокага ўзроўню. Напрыклад, у рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці была праведзеная акцыя "На працу на ровары", а яшчэ ў гэтым годзе ў Гомельскай вобласці ўпершыню прайшоў міжнародны веласіпедны фестываль "Паміж Сожам і Дняпром", які сабраў больш за 400 раварыстаў і членаў іх сем'яў не толькі з Беларусі, але і Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі, – каментуе Святлана.
Таксама на адкрыцці выступіла Алена Дзядкова, рэгіянальны каардынатар па Гомельскай вобласці праекта "Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь".
Галоўная мэта праекта дапамагчы мясцовым органам улады вырашаць пытанні планавання мясцовага развіцця і ажыццяўляць удзел у ім грамадзян, паколькі будучыня малых гарадоў і сельскіх тэрыторый наўпрост залежыць ад працы мясцовай улады і актыўнага ўдзелу насельніцтва. Вырашыўшы праблемы лакальнага развіцця, можна разлічваць і на павышэнне ўзроўню жыцця па ўсёй краіне.
Знаёміцца з "Праектамі ў асобах" жыхары Гомеля могуць да 11 лістапада. Далей фотавыстава пакіне абласны цэнтр, каб прадставіць сваіх герояў Магілёву, а пасля і Віцебску.