Першая ў Беларусі вытворчасць офіснай паперы з другасных рэсурсаў запушчана на “Папяровай фабрыцы” Дзяржзнака ў Барысаве. Пілотная ініцыятыва дапаможа захаваць лясныя рэсурсы пры вытворчасці паперы дзякуючы скарачэнню выкарыстання цэлюлозы і пашырыць прымяненне макулатуры ў якасці сыравіны.

Тэхналагічныя магчымасці для вытворчасці высакаякаснай офіснай паперы на аснове глыбокай перапрацоўкі макулатуры створаны ў рамках праекта “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Да рэалізацыі пілотнай ініцыятывы фабрыка вырабляла з перапрацаванай макулатуры толькі паперу для друку невысокай якасці, бланкава-этыкетачную паперу і іншыя віды паперы нізкіх гатункаў. Для стварэння паўнавартаснай лініі па перапрацоўцы макулатуры для выпуску якаснай офіснай паперы існуючая лінія прадпрыемства была даўкамплектаваная за сродкі ЕС дадатковымі вузламі і механізмамі.

Фабрыка атрымала найноўшае абсталяванне італьянскай вытворчасці – масны басейн аб'ёмам 90 м³, басейн адходаў аб'ёмам 5 м³, напорную сарціроўку для I і II ступеняў грубага сартавання адходаў, флатацыйную ўстаноўку для вяртання валакністай сыравіны ў тэхналагічны паток і якаснай ачысткі сцёкавай вады, а таксама сіта для ўстаноўкі папярэдняй ачысткі. Для размяшчэння новага абсталявання ў рамках праекта быў пабудаваны вытворчы будынак участка грубага сартавання макулатуры.

Дзякуючы пілотнай ініцыятыве быў створаны тэхналагічны працэс з поўным цыклам ачысткі макулатуры і яе глыбокага роспуску, які дазваляе вырабляць высакаякасную офісную паперу з макулатуры ніжэйшай якасці. Пры гэтым новае абсталяванне дазволіць павялічыць аб'ём перапрацоўкі другаснай сыравіны да 2 345 т у год.

Пілотная ініцыятыва дазволіла стварыць экалагічна ўстойлівую вытворчасць, якая забяспечвае павышэнне эканамічнай эфектыўнасці прадпрыемства і забяспечыла дасягненне экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага эфекту.

“Еўрапейскі саюз вылучыў больш за 12 мільёнаў еўра для пераходу да мадэлі зялёнай эканомікі ў Беларусі. Дадзеная праграма падтрымала 23 пілотныя ініцыятывы ў Беларусі на працягу двух апошніх гадоў. Ініцыятыва, рэалізаваная на «Папяровай фабрыцы» Дзяржзнака ў Барысаве, – у іх ліку. Рэалізацыя ініцыятывы ў Барысаве дазволіць знізіць спажыванне свежай вады і электраэнергіі на вытворчасці паперы, а таксама скараціць выдаткі на сыравіну і стварыць новыя зялёныя працоўныя месцы ў рэгіёне”, - пракаментавала Андрэа Віктарын, Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, Пасол.

“Рэалізацыя пілотнай ініцыятывы па запуску першай у Беларусі вытворчасці высакаякаснай офіснай паперы з другасных рэсурсаў зробіць унёсак у вырашэнне глабальнай праблемы перапрацоўкі і ўтылізацыі папяровых адходаў і захаванне лясных рэсурсаў”, – пракаментаваў Закары Тэйлар, Намеснік Пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Рэспубліцы Беларусь.

Так, устаноўка новай флотапасткі дазволіла павысіць замкнёнасць водазвароту, знізіць выдатак свежай вады на вытворчасць паперы з 40 м³/т да 25 м³/т, паменшыць утрыманне ўзважаных рэчываў у сцёкавай вадзе, што скідваецца на гарадскія ачышчальныя збудаванні, з 70 мг/л да 50 мг/л.


Новае абсталяванне з'яўляецца энергазберагальным і забяспечвае эканомію да 100 Квт электраэнергіі на вытворчасць 1 т паперы з макулатуры або за 20 000 кВт у год і эканомію да 0,3 т пары на вытворчасць 1 т паперы з макулатуры, што ў перакладзе на паліва (газ) уяўляе сабой скарачэнне спажывання газу на 50 000 м³ у год.


Пры выхадзе вытворчасці на праектную магутнасць плануецца скарачэнне выдаткаў на сыравіну і матэрыялы пры замене цэлюлозы на макулатуру – 2 345 т макулатуры заменіць 2 345 т цэлюлозы ў год, што складае каля 35% ад бягучага спажывання беленай цэлюлозы ўсімі вытворчымі лініямі фабрыкі. Скарачэнне выдаткаў на сыравіну і матэрыялы пры замене цэлюлозы на макулатуру складзе да 801 570 еўра ў год.


Дзякуючы паспяховай рэалізацыі пілотнай ініцыятывы скарачэнне выдаткаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы складзе 17 640 еўра ў год, у тым ліку зніжэнне выдаткаў на электраэнергію на суму 2 740 еўра ў год, на прыродны газ – на 14 900 еўра.

Вытворчасць офіснай паперы з другасных рэсурсаў на “Папяровай фабрыцы” Дзяржзнака ў Барысаве дазволіць стварыць 4 новыя працоўныя месцы ў рэгіёне і палепшыць умовы працы работнікаў прадпрыемства. Створаная вытворчасць дазволіць пазіцыянаваць фабрыку як “зялёнага” вытворцу высакаякаснай офіснай паперы.


Бюджэт дадзенай пілотнай ініцыятывы склаў 860 000 еўра. Бюджэт праекта “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі”, у рамках якога рэалізуюцца 23 пілотныя ініцыятывы, – 5 000 000 еўра.



