image2 15.07.2020

Летняя змена «Зялёных школ» навучае экалагічным каштоўнасцям у прыродным асяроддзі

У ліпені 2020 года пачынаюць працу летнія змены «Зялёных школ». У праграме возьмуць удзел педагогі і навучэнцы з шасці абласцей і горада Мінска, у тым ліку дзеці з інваліднасцю.

Мэта летніх змен – далучыць вучняў да практычнай дзейнасці па абароне навакольнага асяроддзя і ўмацаваць здароўе дзяцей. Удзельнікаў чакаюць інтэнсіўнае навучанне ў займальнай форме, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Першая змена «Зялёных школ» стартавала ў Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры «Надзея», размешчаным у экалагічна чыстай лесапаркавай зоне на беразе Вілейскага вадасховішча. Неўзабаве пачнуцца заняткі і ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня».

Усяго за летні сезон 2020 года ў праграме паўдзельнічаюць 350 навучэнцаў і педагогаў. Удзельнікі летніх змен вызначаліся па выніках конкурснага адбору ва ўстановах адукацыі са статусам «Зялёная школа» або тых, што ажыццяўляюць дзейнасць па рэалізацыі адукацыйнага праекту «Зялёныя школы».

Праграма навучання разлічана на 15 дзён і нацэлена на фарміраванне ў кожнага ўдзельніка усведамлення магчымасці і важнасці экалагічна пісьменных паводзін. Гэтая праграма распрацавана ў 2019 годзе адмыслова для арганізацыі летніх змен у НДААЦ «Зубраня» і ДРАЦ «Надзея».

Удзельнікі змен будуць наведваць заняткі па тэмах «Біяразнастайнасць», «Энергазберажэнне», «Водазберажэнне», «Абыходжанне з адходамі», «Экалагічны маніторынг», «Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па працы з мясцовай супольнасцю». Заняткі будуць праходзіць у форме практычных, праектных работ, творчых майстэрняў, інтэрактыўных гульняў, экскурсій. У праграме летняй змены таксама прадугледжаны аздараўленчыя мерапрыемствы, спартыўныя святы, інтэлектуальна-забаўляльныя праграмы, квэсты, майстар-класы па развіцці творчасці.

Летнія змены «Зялёных школ» арганізаваныя ў рамках праекта «Прыцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.