image2 23.12.2021

Язенская прыгажуня: на поўначы Беларусі з’явіўся новы мурал

У старажытным мястэчку Язна, што прытулілася паміж двух маляўнічых азёр побач з балотам Ельня на поўначы Беларусі ў Міёрскім раёне, з’явіўся мурал, прысвечаны мясцовым адметнасцям. Прыязджай зрабіць сэлфі з муралам, паглядзець на старую мураваную царкву і атрымаць асалоду ад прыродных краявідаў!

Мурал стварыў мастак Сяргей Клімковіч паводле эскіза Дзяніса Ходаса ў межах  праекта Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

- Распрацоўваючы эскіз, я ўлічыў пажаданні мясцовых жыхароў, - расказаў Дзяніс Ходас. – Яны хацелі адлюстраваць мясцовы каларыт, культуру, гісторыю, каб людзі, якія прыязджаюць, звярталі на гэта ўвагу. Усе вельмі захапіліся ідэяй стварыць мурал, і прапаноў па эскізе было вельмі шмат. Спыніліся на тых ідэях, якія перамаглі ў галасаванні.

Месца для мурала таксама выбралі адпаведнае: мясцовы Дом культуры, што знаходзіцца па адрасе вул. Лясная, 2.

- Мурал у Язна - гэта апошняя такога кшталту праца ў рамках праекта "Разам для грамады і прыроды", - расказаў спецыяліст АПБ па развіцці турызму Сяргей Рэзаў. - Як і ва ўсіх папярэдніх муралах, сюжэт звязаны з месцам, дзе ён намаляваны. У Язна з'явілася прыгожая дзяўчына ў святочным мясцовым адзенні “Дзісенскі строй”, якое насілі ў паўночнай частцы Беларусі ў 19 стагоддзі. Дзяўчына гуляе сярод яблынь, і гэта таксама не выпадкова - штогод у Язна праходзіць мясцовы фестываль “Яблычны Спас”. Надпіс “Язна” суседнічае з датай першай гістарычнай згадкі мястэчка. Ну і, вядома ж, нельга не заўважыць эмблему Мёрскага краю, гэтак жа распрацаваную ў рамках праекта. Такім чынам, мурал уключае ў сябе элементы мінулага і сучаснага.

Падчас працы мастака жыхары з цікавасцю назіралі за працэсам, за тым, як з пачатковай разметкі з’яўляюцца рысы твару, фрагменты сюжэту, пачынае праяўляцца выява.

- Жыхары былі задаволеныя, потым нават пайшлі жарты, маўляў, дзяўчына нагадвае чыюсьці жонку, - падзяліўся мастак Сяргей Клімковіч. – Для мяне быў вельмі прыемны гэты вопыт супрацоўніцтва, мяне добра сустрэлі, само месца вельмі цікавае, раю ўсім сюды завітаць.

Абавязкова скарыстайся гэтай парадай: наведай гасціннае Язна і ўключай у маршрут вандроўкі ў іншыя месцы з канцэптуальнымі мураламі, створанымі ў рамках праекта: Мёры, Пераброддзе, Дзісну і Павяцце. Мёрскі край мае чым здзівіць – выпраўляйся ў падарожжа і пераканайся!

Кантакт для прэсы – Алеся Башарымава, спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю, basharymava@ptushki.org