Ва ўмовах распаўсюджвання каранавірусу многім праектам давялося прыпыніць сваю дзейнасць, а запланаваныя мерапрыемствы адмяніць, перавесці ў анлайн-фармат або перанакіраваць частку вылучаных партнёрамі сродкаў на барацьбу з каранавірусам. Адной з такіх ініцыятыў стаў праект «Пашырэнне ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі». Ажыццяўляецца ён пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, тэхнічнай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа і ў супрацоўніцтве з органамі ўлады. Праект вылучыў 25 000 еўра на падтрымку праграмы па барацьбе з COVID-19 Беларускага Чырвонага Крыжа.

– Праект накіраваны на стварэнне спрыяльнага асяроддзя для ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працэсах прыняцця рашэнняў шляхам паляпшэння дыялогу і супрацоўніцтва паміж НДА і мясцовымі органамі ўлады ў мэтавых раёнах Гродзенскай і Мінскай абласцей, ‒ расказвае каардынатар праекта Алеся Патапчык. – За атрыманыя фінансавыя сродкі Еўрапейскага саюза будуць закуплены маскі, пальчаткі і дэзінфікавальныя сродкі. Усё гэта будзе перададзена валанцёрам і супрацоўнікам Беларускага Чырвонага Крыжа, а таксама сацыяльным работнікам тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і персаналу ўстаноў аховы здароўя па ўсёй краіне.