image2 27.03.2019

3-я канферэнцыя Пагаднення мэраў у Беларусі пройдзе 25-26 красавіка

25-26 красавіка 2019 года ў Полацку пройдзе 3-я канферэнцыя Пагаднення мэраў у Беларусі. На сённяшні дзень да гэтай еўрапейскай ініцыятывы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў далучыліся 45 беларускіх гарадоў і больш за 8 800 гарадоў Еўропы.

Асноўнымі пытаннямі для абмеркавання падчас мерапрыемства стануць фінансавыя механізмы, якія могуць быць выкарыстаны гарадамі-ўдзельнікамі Пагаднення мэраў. Магчымасці атрымання дадатковага фінансавання ўзнікаюць у сувязі з тым, што пасля далучэння да ініцыятывы гарады распрацоўваюць планы дзеянняў у галіне ўстойлівай энергетыкі і клімата, якія накіраваны на зніжэнне выкідаў парніковых газаў на 30% да 2030 года. Планы могуць уключаць мерапрыемствы ў розных сферах гарадской гаспадаркі ад транспарта да ўцяплення будынкаў.

Асаблівая ўвага на канферэнцыі будзе нададзена павышэнню энергаэфектыўнасці ў шматкватэрных дамах, скарачэнню выкідаў парніковых газаў у сектары кіравання адходамі, адаптацыі да змянення клімату і зялёнай інфраструктуры ў гарадах.

На канферэнцыі будзе прадстаўлены інавацыйны вопыт па смягчэнні наступстваў змянення клімату і адаптацыі на мясцовым узроўні ў Беларусі і Еўропе.

Праграма канферэнцыі ўключае не толькі прэзентацыі ды панэльныя дыскусіі, але і наведванне дэманстрацыйных пляцовак па энергаэфектыўнасці, а таксама гістарычных аб’ектаў. Полацк не толькі адзін са старажытнейшых гарадоў усходніх славян, але і першым падпісаў Пагадненне мэраў у Беларусі.

Канферэнцыя праводзіцца ў рамках праекта “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, фінансуемага Еўрапейскім саюзам.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі МГА “Экапартнёрства”, Полацкі раённы выканаўчы камітэт, Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, фонд “Інтэракцыя”, праект ГЭФ\ПРААН “Зялёныя гарады”.

Зарэгістравацца на канферэнцыю можна на сайце канферэнцыі да 10 красавіка 2019 года.

Арганізатары забяспечваюць зарэгістраваным удзельнікам трансфер з Мінска ў Полацк і зваротны, таксама пражыванне ў гасцініцы і харчаванне згодна з праграмай канферэнцыі.

Па пытаннях удзелу ў канферэнцыі можна звязацца з каардынатарам праекта Вольгай Кузьміной (МГА “Экапартнёрства”): эл. пошта ok@ecopartnerstvo.by, тэл. + 375 (17) 336-01-90.

Больш інфармацыі на climate.ecopartnerstvo.by.