У маі 2020 года афіцыйна зацверджана навучальная праграма факультатыўных заняткаў «Зялёныя школы» для I-IX класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. Дададзены раздзел маніторынгу якасці атмасфернага паветра, а таксама інфармацыя аб Орхускай канвенцыі.
Зацверджаная Міністэрствам адукацыі праграма дае права ўсім адпаведным установам адукацыі афіцыйна яе рэалізоўваць, што спрыяе ўкараненню новай эфектыўнай адукацыйнай мадэлі ў галіне экалагічнай асветы.
Праграма ўключае 6 кірункаў:
- Біяразнастайнасць – вывучэнне відавой разнастайнасці раслін і жывёл прыроднага асяроддзя ўстановы адукацыі і спосабаў яе захавання і павелічэння;
- Энергазберажэнне – вывучэнне структуры энергаспажывання ва ўстанове адукацыі і дома і спосабаў яго скарачэння;
- Водазберажэнне – вывучэнне кірункаў выкарыстання вады ва ўстанове адукацыі і дома, і засваенне спосабаў яе зберажэння;
- Абыходжанне з адходамі – аналіз крыніц з’яўлення адходаў, вызначэнне спосабаў іх мінімізацыі, засваенне прыёмаў раздзельнага збору смецця;
- Якасць атмасфернага паветра – вывучэнне ступені забруджвання атмасфернага паветра, вызначэнне спосабаў мінімізацыі яго забруджвання;
- Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па працы з мясцовай супольнасцю (экалагічныя ініцыятывы) ‒ рэалізацыя экалагічных ініцыятыў, удзел у экалагічных акцыях, інфармаванне мясцовай супольнасці аб экалагічных праблемах канкрэтнай мясцовасці.
Нацыянальным рэсурсным цэнтрам па рэалізацыі адукацыйнай праграмы «Зялёныя школы» з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
За 10 гадоў, якія Еўрапейскі саюз падтрымлівае «Зялёныя школы» ў Беларусі, да гэтага экалагічнага руху далучыліся больш за 200 устаноў адукацыі па ўсёй краіне. Стаць удзельнікам сеткі можа любая школа, школьнае лясніцтва або цэнтр пазашкольнай работы.
Клубы экалагічнага маніторынгу, якія дзейнічаюць пры «Зялёных школах», збіраюць метэададзеныя, сочаць за якасцю паветра. Для працы клубаў закуплена камп’ютарная тэхніка, якая ва ўмовах пандэмічнай атакі дапаможа таксама наладзіць дыстанцыйнае навучанне.
Адукацыйны праект «Зялёныя школы» рэалізуецца пры падтрымцы праекта «Прыцягненне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.
11.06.2020



