image2 15.11.2021

У Мінску выбралі пераможцаў грантавага праекта “Кліматычныя інавацыйныя ваўчары”. Яны атрымалі 170 тысяч еўра

10 лістапада прайшло ўзнагароджанне беларускіх кампаній сярод малога і сярэдняга бізнесу, якія выкарыстоўваюць новыя і эфектыўныя падыходы для барацьбы са змяненнем клімату.

На цырымоніі ўзнагароджання першага раўнда праекта чатыры кампаніі атрымалі ваўчары на суму 170 тысяч еўра – каля 40 тысяч кожная. Мерапрыемства прайшло з удзелам прадстаўнікоў Еўрапейскага саюза (ЕС), Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і іншых замежных партнёраў. У Беларусі гэтая праграма рэалізуецца з удзелам кансалтынгавай кампаніі CIVITTA.

Праграмны грант пакрые 75% выдаткаў на інавацыйныя рашэнні і тэхналогіі, якія развіваюць і ўкараняюць кампаніі-пераможцы. Гэта інжынерныя паслугі, распрацоўка канструктарскай дакументацыі, вывучэнне патрэбаў рынку і г.д.

У якасці крытэрыяў у выбары пераможцаў эксперты вылучылі рыначны патэнцыял кампаніі, яе інавацыйнасць, здольнасць да маштабавання і канкурэнтаздольнасць.

Сярод пераможцаў праекта – кампанія, якая займаецца кароткатэрміновай арэндай мікрамабільных транспартных сродкаў Eleven By: “Мая крама бел” распрацоўвае і вырабляе зарадныя станцыі для электраскутэраў і ровараў; “КіноМаяк” аўтаматызуе перадачу дадзеных з формы рэпертуарнага планавання на кінапраектар; “Чэк Бек” робіць праект, які скарачае адходы кавы.

Для ўдзелу ў праекце Eleven BY распрацавала ўласны электрычны самакат і цяпер працуе над стварэннем электрычнага ровара для сумеснага выкарыстання.

Зарадныя станцыі ад "Мая крама бел" спрашчаюць умовы выкарыстання як для ўладальнікаў індывідуальных электрамабіляў, так і для арганізацый, якія здаюць іх у арэнду.

"КіноМаяк" стварае праграму, якая дазваляе аўтаматычна гасіць лямпу і накіроўваць праектар у “спячы рэжым" на час, зададзены для запуску / выхаду гасцей з кіназала і прыбірання залы паміж сеансамі.

“Чэк Бек” і іх праект EcoCoffee выкарыстоўваюць гушчу кавы як угнаенне, дабаўку да біяпаліва ці касметыкі, а таксама ў якасці антыабледзяняльніка для вуліц.

Перад узнагароджаннем для ўдзельнікаў праграмы і анлайн-слухачоў быў арганізаваны вэбінар аб кліматычных інавацыях, карысных сусветных і беларускіх практыках. Сярод спікераў – Марыус Брынзеа, міжнародны кансультант ЕБРР па пытаннях энергаэфектыўнасці і экалогіі, і шэраг іншых еўрапейскіх і беларускіх экспертаў.

***

Праект "Кліматычныя інавацыйныя ваўчары" накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці малога і сярэдняга бізнесу ў галіне распрацоўкі і ўкаранення кліматычных тэхналогій. Ваўчары даюць магчымасць беларускім МСБ атрымаць грант у памеры да 50 000 € на распрацоўку кліматычных інавацый.

У рамках праграмы пройдзе 5 раундаў адбору, 2 з якіх у Беларусі, астатнія - ва Ўкраіне.