image2 20.07.2020

«ААН-жанчыны», ЮНФПА і ЕС выступаюць з амбіцыйнай ініцыятывай па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў краінах Усходняга партнёрства

Пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза два роднасныя агенцтвы ААН будуць супрацоўнічаць з органамі дзяржаўнага кіравання і партнёрамі з грамадзянскай супольнасці ў шасці краінах для барацьбы з глыбока ўкаранёнымі гендарнымі стэрэатыпамі, пашырэння ўдзелу мужчын у працы па доме і доглядзе за дзецьмі, а таксама для ўключэння ў гэтую працу патэнцыйных правапарушальнікаў з мэтай прадухілення гендарна-абумоўленага гвалту.

«ААН-жанчыны» і ЮНФПА пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза (ЕС) прыступілі да рэалізацыі трохгадовай рэгіянальнай праграмы па барацьбе з гендарнымі стэрэатыпамі і гендарна-абумоўленым гвалтам у шасці краінах Усходняга партнёрства: у Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне.

Праграма «ЕС за гендарную роўнасць: разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гендарна-абумоўленага гвалту» ў канчатковым выніку накіравана на ўмацаванне роўных правоў і магчымасцей жанчын і мужчын шляхам змены стэрэатыпных уяўленняў пра ролю мужчын і жанчын у сям’і і грамадстве, і на прыкладанне намаганняў па выкараненні гендарна-абумоўленага гвалту.

«Гэта наша першая рэгіянальная праграма, якая ахоплівае пытанні гендарнай роўнасці ў рэгіёне Усходняга партнёрства, і мы вельмі ганарымся гэтым фактам, — кажа Лоўрэнс Мерэдыт, дырэктар Усходняга рэгіёну добрасуседства ў Генеральным дырэктараце Еўрапейскай Камісіі па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства і перамовах аб пашырэнні. — Мы можам і будзем рабіць больш для развіцця гэтага недастаткова выкарыстанага эканамічнага і сацыяльнага патэнцыялу разам з нашымі ўсходнімі суседзямі. Па выхадзе з пандэміі мы прапануем зрабіць будучыню Усходняга партнёрства больш інклюзіўнай».

Першая ў сваім родзе праграма абапіраецца на вынікі паглыбленага аналізу сітуацыі і міжурадавых кансультацый з шасцю краінамі. Гэтая праграма нацэленая на прыцягненне да яе рэалізацыі шырокага кола дзяржаўных органаў, арганізацый грамадзянскай супольнасці і асобных людзей.

«Мы будзем цесна супрацоўнічаць з урадамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў шасці краінах, каб гарантаваць поспех гэтай праграмы, — кажа Алія Эль-Ясір, рэгіянальны дырэктар «ААН жанчыны» ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Гэтая праца цяпер становіцца яшчэ больш важнай, бо крызіс COVID-19 прывёў да рэзкага ўзмацнення дысбалансу ў размеркаванні абавязкаў, абумоўленага традыцыйнымі гендарнымі стэрэатыпамі».

Дадзеная праграма накіраваная на дасягненне рэальных змяненняў у паводзінах людзей. Праграма абапіраецца на стратэгіі, накіраваныя на пераадоленне структурных гендарных бар’ераў і нормаў, робячы асаблівы ўпор на пераўтварэнне гендарных стэрэатыпаў у паводзінах людзей, на пашырэнне ўдзелу мужчын у выкананні бацькоўскіх і хатніх абавязкаў, на пашырэнне доступу мужчын да адпачынкаў па доглядзе за дзіцем і на скарачэнне колькасці людзей, якія пакутуюць ад гендарнага гвалту, шляхам правядзення прафілактычных мерапрыемстваў з патэнцыйнымі правапарушальнікамі.

«Падчас крызісу COVID-19 мы, на жаль, назіраем усё большы аб’ём неаплачанай працы па доглядзе ў жанчын, а таксама нарастальную колькасць выпадкаў гендарна-абумоўленага гвалту ва ўсіх шасці краінах, — кажа Алана Армітаж, рэгіянальны дырэктар ЮНФПА ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Наша праграма вельмі своечасовая для барацьбы з гэтымі тэндэнцыямі. Усе разам мы павінны працаваць плячом да пляча, каб пабудаваць больш справядлівы, раўнапраўны, бяспечны і абаронены свет для ўсіх».

Бюджэт праграмы складае 7 875 000 еўра; задачы праграмы ўзаемазвязаныя з Мэтамі ўстойлівага развіцця (МУР), прынятымі Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у 2015 годзе, і з Планам дзеянняў ЕС на 2016-2020 гады па забеспячэнні гендарнай роўнасці і пашырэнні правоў і магчымасцей жанчын: «Пераўтварэнне жыцця дзяўчат і жанчын пры дапамозе знешніх сувязяў ЕС». Гэтая праграма дае ЕС і шасці краінам-удзельніцам унікальную магчымасць паўплываць на грамадскі дыскурс, успрыманне і практыкі, звязаныя з забеспячэннем гендарнай роўнасці, маючы за канчатковую мэту дасягненне гендарнай роўнасці і звязаных з ім Мэт устойлівага развіцця.


Пра Еўрапейскі саюз: Еўрапейскі саюз (ЕС) складаецца з 27 дзяржаў-членаў, якія вырашылі паступова аб’ядноўваць свае ноў-хаў, рэсурсы і лёсы. Аб’яднаўшы свае намаганні, за 50 гадоў пашырэння Саюза дзяржавы-члены стварылі зону стабільнасці, дэмакратыі і ўстойлівага развіцця, захаваўшы пры гэтым культурную разнастайнасць, памяркоўнасць і індывідуальныя свабоды. Еўрапейскі саюз імкнецца дзяліцца сваімі дасягненнямі і каштоўнасцямі з краінамі і народамі ў іншых рэгіёнах свету. Дадатковая інфармацыя прадстаўленая тут.

Пра ЮНФПА: Фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), працуе ва ўсім свеце над дасягненнем трох вынікаў у галіне пераўтварэнняў — амбіцыйных мэт, якія павінны змяніць свет да лепшага для кожнай жанчыны, мужчыны і моладзі: скончыць з незадаволенымі патрэбамі ў галіне планавання сям’і, скончыць з папераджальнай мацярынскай смяротнасцю, скончыць з гендарна-абумоўленым гвалтам і згубнымі практыкамі. Дзейнасць ЮНФПА ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі каардынуецца Рэгіянальным бюро ЮНФПА ў Стамбуле.

Пра «ААН-жанчыны»: «ААН-жанчыны» — гэта арганізацыя ААН, якая займаецца пытаннямі гендарнай роўнасці і пашырэння правоў і магчымасцей жанчын. «ААН-жанчыны» — галоўная міжнародная структура, якая адстойвае інтарэсы жанчын і дзяўчынак — была створаная для паскарэння прагрэсу ў задавальненні патрэб дзяўчынак і жанчын ва ўсім свеце. Рэгіянальнае бюро «ААН-жанчыны» ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі было адкрыта ў 2014 годзе ў Стамбуле.