image2 06.04.2021

Не ведаеце, куды паехаць адпачыць? У вас ёсць хвіліна, каб натхніцца

Беларусь умее здзіўляць. Вы бывалі ў Міёрскім раёне – на самай поўначы краіны? Перанясіцеся туды на хвіліну, каб натхніцца на сапраўднае падарожжа, якое запомніцца надоўга.


Відэаролік, які дазваляе зірнуць на самыя цікавыя месцы Міёршчыны, створаны ў межах праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які рэалізуецца Міёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Распрацавала відэаролік крэатыўнае агенцтва “Малако” – тое самае, што працавала над турыстычным брэндам Міёрскага раёна, які стаў для Беларусі першым такога кшталту.

- Цяпер, у красавіку, цудоўны час для падарожжа па Міёрскім раёне, - адзначае спецыялістка АПБ па сувязях з грамадскасцю Алеся Башарымава. - На балоты, засланыя кветкамі цветами падвею, ужо вярнуліся жураўлі. Цецерукі пачалі такаванне – відовішча, якое не забудзеш, убачыўшы хоць раз. У Міёрскім раёне паляванне на цецерукоў закрытае, птушак на такавішчы не страляюць, і за імі можна спакойна паназіраць, заказаўшы такую незвычайную экскурсію ў заказніку “Ельня”. Абавязкова наведайце вадаспад на Вяце: рака цяпер найбольш паўнаводная.

У межах праекта ў Міёрскім раёне развіваецца турыстычная інфраструктура і з’яўляецца ўсё больш месцаў для актыўнага і запамінальнага адпачынку.

Ужо больш за год працягваецца пандэмія каранавіруса, падарожнічаць за мяжу цяпер нашмат складаней, чым раней. Але можна змяніць абстаноўку і не выязджаючы з Беларусі. Міёрскі раён - выдатнае месца, каб адпачыць ад стрэсу і выгарання, набрацца сіл, энергіі і новых уражанняў.

Кантакт для прэсы – Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму.
sarakavik@ptushki.org