image2 22.07.2019

Запрашаем на веласіпедную канферэнцыю «ПраРовар. Турызм» 23-24 жніўня

Спецыялізаваная канферэнцыя па велатурызму пройдзе ў Мінску ўпершыню. Асноўная тэматыка – велатурызм, што ўключае ў сябе распрацоўку веламаршрутаў, арганізацыю падарожжаў і эканамічны складнік.

Праграма канферэнцыі падзелена на два блокі. Першы дзень прысвечаны праблемам развіцця велатурызму ў краіне, а таксама працы па стварэнні велатурыстычных маршрутаў. Завершыць дзень секцыя пра падзейны турызм – паездкі, прымеркаваныя да канкрэтных мерапрыемстваў, напрыклад, фестываляў ці чэмпіянатаў.

У другі дзень удзельнікі абмяркуюць асабісты вопыт веласіпедных падарожжаў. Важнай часткай праграмы стане тэма «Як зарабляць на велатурызме». Велатурысты-пачаткоўцы змогуць даведацца ў дасведчаных падарожнікаў параметры выбару маршрутаў, этапы падрыхтоўкі да паездкі, асаблівасці падарожжа з дзецьмі і сабакамі. На вечар другога дня запланаваны кінапаказ і яго абмеркаванне.

Бясплатна зарэгістравацца ў якасці слухача канферэнцыі можа любы жадаючы, каму цікавая гэтая тэма. Акрамя таго, зараз працягваецца набор выступоўцаў на канферэнцыі. Калі ў вас ёсць вопыт велавандровак, стварэння веласіпедных маршрутаў, развіцця камерцыйных праектаў, звязаных з турызмам, і вы гатовыя пра гэта расказаць, можна падаваць заяўку на ўдзел у якасці спікера да канца ліпеня.

Арганізатары могуць пакрыць выдаткі на праезд для слухачоў і на праезд і пражыванне для спікераў. Да ўдзелу запрашаюцца: гарадскія і сельскія адміністрацыі, прадстаўнікі аддзелаў спорту і турызму, аграсядзібы, экскурсаводы, музеі, школы, запаведнікі, велапракатчыкі, турыстычны бізнэс. І, вядома, веласіпедысты, а таксама пачынаючыя і дасведчаныя вандроўцы. Зарэгістравацца можна па спасылцы: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSeySwKI8tjHr9xa2_9Dk0rApvMuM6pRiAfIScnpyTWaK2hQsQ/viewform

Канферэнцыя арганізавана ў межах праекта «Гарадскі веларух у Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ўстановай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» і грамадскім аб'яднаннем «Мінскае роварное таварыства». Пры суфінансаванні Праграмы малых грантаў ГЭФ «Развіццё веларуху ў рэгіёнах Беларусі», якое рэалізуецца грамадскім аб'яднаннем «Мінскае роварнае таварыства».

Фота: Аляксей Басалай