
«Чаму мужчыны паміраюць так рана»
– Тады я вёў зусім іншы лад жыцця, чым цяпер. Выпіваў піва і іншы алкаголь з сябрамі, мала сачыў за сваім здароўем і важыў на 20 кілаграм больш, чым цяпер, ‒ дзеліцца Андрэй. ‒ Я перагледзеў сваё жыццё і зразумеў, што трэба нешта мяняць.
Спорт, правільнае харчаванне, адмова ад алкаголю і курэння ‒ усё гэта ўвайшло ў жыццё мужчыны. Але гэта толькі малая частка велізарнай праблемы ‒ высокай смяротнасці мужчын.
– Галоўнае пытанне, якое мы паднялі ў сваёй ініцыятыве: «Пра што мараць мужчыны пасля 40 гадоў?». Калі ў мужчын у гэтым узросце няма мары і планаў на жыццё, гэта павышае рызыку смяротнасці.
Мы павінны марыць гэтаксама інтэнсіўна, гэтаксама дынамічна, як у маладосці. Калі ты асеў і супакоіўся, у цябе звычайны набор: рыбалка, лецішча і канапа, ‒ гэта няблага. Але павінна быць яшчэ і цікавая ідэя, якая падштурхоўвае жыць далей.

«Пра што ты марыш пасля 40 гадоў?»
Свет змяніўся, ён дае нам больш магчымасцей, больш часу для жыцця. Таму старыя савецкія прынцыпы ‒ да 20 гадоў сям’я, да 40 гадоў дарослыя дзеці і стабільная праца, а да 60 гадоў пенсія ‒ ужо не актуальныя. Тварыць, ствараць, марыць можна і трэба і пасля 70 гадоў.
– Мая мара на найбліжэйшыя 10 гадоў ‒ быць запатрабаваным, ‒ кажа Андрэй. ‒ Мяркую, мае равеснікі думаюць пра тое ж: як заставацца запатрабаваным і працягваць рабіць цікавыя праекты.
Зарадка, спорт і здаровае харчаванне ‒ гэта толькі верхавіна айсберга. Цікавая праца, патрэбнасць і далучанасць да сацыяльнага жыцця ‒ вось кірункі, над якімі я збіраюся працаваць у найбліжэйшы час.
У той жа час людзям варта адэкватна ацэньваць свае магчымасці: трэба развівацца, асвойваць новыя тэхналогіі, перавучвацца ‒ у гэтым не павінна быць страху. Усе гэтыя рэчы павінны выклікаць азарт, каб імкнуцца да лепшага.

Асноўны слоган кампаніі ‒ «Гэта ўсё яшчэ я» ‒ прыйшоў з жыцця. Часта мужчынам кажуць: «Супакойся, які футбол» або: «Якая музыка, табе не 17». Але гэта няправільна, бо галоўнае ‒ жаданне.
– «Гэта ўсё яшчэ я» ‒ гэта наш адказ грамадству і нават самому сабе, ‒ кажа Андрэй. ‒ Няважна, колькі табе гадоў, чым ты займаешся і які ў цябе статус. Любое хобі табе па плячы, калі ведаеш, што ў душы «гэта ўсё яшчэ я» ‒ хлапчук, які калісьці будаваў планы, марыў і імкнуўся да поспеху.
Ініцыятыва «Самы час!» рэалізавана ў рамках праекта БЕЛМЕД, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя-выканаўца: Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «Гарадское развіццё».
Фота: Сяргей Гапон