ЕС для моладзі. Ад працаўладкавання да ўстойлівасці ў Арменіі, Беларусі і Украіне

Пра праект:

Тэрміны: 01.02.2018 — 31.01.2021

Бюджэт: 1.666.666 €, унёсак ЕС — 1.500.000 €

Арганізацыя-выканаўца ў Беларусі: Міжнародная грамадская арганізацыя “SOS – Дзіцячыя вёскі”

Партнёры: Aflatoun International (Нідэрланды), Цэнтр дзелавых камунікацый БЕЛБІЗ (Беларусь), “SOS – Дзіцячыя вёскі” (Украіна), “Альянс за грамадзянскія правы” (Украіна), “SOS – Дзіцячыя вёскі” (Арменія), Цэнтр падтрымкі бізнесу “Бі Эс Сі” (Арменія)

Геаграфія: Беларусь (Мінск, Мінская вобласць), Арменія, Украіна

Апісанне

Паспяховы выхад на рынак працы і далейшае замацаванне на ім выклікае шэраг цяжкасцяў і асцярог у моладзі. Асабліва гэта актуальна для сацыяльна ўразлівай катэгорыі маладых людзей. Праект, які распрацаваны з улікам шматгадовага паспяховага досведу працы “SOS – Дзіцячыя вёскі”, закліканы палепшыць перспектывы па занятасці моладзі ў Беларусі, Арменіі і Украіне.

Мэты і задачы: палепшыць магчымасці працаўладкавання моладзі ў Арменіі, Беларусі і Украіне, развіць прадпрымальніцкія навыкі сярод сацыяльна ўразлівых груп маладых людзей з мэтай іх актыўнай прысутнасці на рынку працы.

Прамежкавыя вынікі: у рамках праекта не менш за 40 спецыялістаў дзяржаўных і грамадскіх арганізацый стануць удзельнікамі трэнерскага курсу і адукацыйных семінараў па праграме “Жыццёвыя навыкі і працаўладкаванне: трэнінгавых праграм для моладзі”. У далейшым атрыманыя на курсе веды, методыкі і навучальныя матэрыялы яны змогуць выкарыстоўваць для навучання моладзі.

Каля 350 падлеткаў, маладых мужчын і жанчын з сацыяльна ўразлівых груп пад кіраўніцтвам экспертаў праекта атрымаюць навыкі, якія могуць дапамагчы ім пры далейшым працаўладкаванні. Маладыя людзі таксама пройдуць курсы прафесійнай падрыхтоўкі і пазнаёмяцца са спецыфікай работы дзяржаўных арганізацый і бізнес-кампаній праз стажыроўкі і навучальныя практыкі.

Асобны важны блок праекта накіраваны на пашырэнне ведаў і навыкаў у галіне прадпрымальніцтва. Для праходжання навучання будзе адабрана 60 удзельнікаў. У завяршэнне адукацыйнага працэсу маладым людзям будзе прапанавана распрацаваць свае бізнес-ідэі пры падтрымцы экспертаў, а 15 найбольш перспектыўных атрымаюць фінансаванне ў рамках праекта.

Рэалізацыя праекта палепшыць перспектывы сацыяльна ўразлівай моладзі на рынку працы Беларусі.

Інфармацыйны буклет “Памятка для тых, хто выбірае прафесію”

Кантакты: Таццяна Бабейкіна, каардынатар праекта

+375 29 253 17 51, tatsiana.babeikina@sos-by.org