Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі

Пра праект:

Тэрміны: 16.07.2014 – 31.12.2017

Бюджэт: 5 000 000 €

Арганізацыя-выканаўца: Праграма развіцця ААН

Нацыянальны партнёр: Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

Геаграфія: Беларусь

Апісанне

Зялёная эканоміка закліканая палепшыць дабрабыт людзей і зменшыць экалагічныя рызыкі. Прырода − найважнейшы рэсурс з пункту гледжання “зялёнай” канцэпцыі. Атрымліваць ад яе карысць, не робячы шкоды, дапамагае прымяненне сучасных эфектыўных стратэгій.

Мэты і задачы: Праект падтрымлівае ідэю эканамічнага росту Беларусі, заснаванага на “зялёных” прынцыпах, і дапамагае развівацца мясцовым экалагічным ініцыятывам.

Прамежкавыя вынікі: У рамках праекта аказаная падтрымка пілотным ініцыятывам у галіне «зялёнай» эканомікі, знойдзены новыя шляхі ўзаемадзеяння органаў улады, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і бізнесу. Рэалізаваны 23 пілотныя праекты і ініцыятывы, у тым ліку 16 — з прыцягненнем грамадскасці.

Так, у Барысаве арганізавана вытворчасць высакаякаснай офіснай паперы з другасных рэсурсаў.

У заказніку «Налібоцкі» створаны гадавальнік для штучнага вырошчвання птушак цецеруковых парод.

У Брэсце з’явіўся комплекс па перапрацоўцы драўняных адходаў у біяпаліва.

У Жыткавічах наладжаная вытворчасць высокаэфектыўных арганічных угнаенняў шляхам глыбокай перапрацоўкі сапрапелю.

Распрацаваныя экатурыстычная і маркетынгавая стратэгіі для заказнікаў «Прыбужскае Палессе» і «Свіцязянскі», а таксама стратэгія развіцця зялёнага транспарту — для палацава-паркавага комплексу Радзівілаў у в. Паланечка Баранавіцкага раёна.

Пілотныя ініцыятывы рэалізаваныя ў сямі сектарах эканомікі: фітавытворчасць, абыходжанне з воднымі рэсурсамі, экатурызм, падтрыманне біяразнастайнасці, экаінавацыі, абыходжанне з адходамі, арганічнае земляробства.

У Мядзельскім раёне адкрыты вытворча-навучальны цэнтр «Фітатэрапія 21 стагоддзя», створаная ўстойлівая сістэма збору і першаснай перапрацоўкі дзікарослай лекавай сыравіны.

У Камянецкім раёне чатыры вёскі аб’ядналіся ў фітатурыстычную дэстынацыю, стаўшы месцам па вытворчасці фітагарбат, тут распрацаваны фітатурыстычны маршрут «Водар Белавежжа».

Бесперабойны доступ да пітной вады атрымалі 9 тысяч жыхароў Мастоўскага раёна.

Перадавы досвед будаўніцтва і мантажу экалагічна бяспечных лакальных ачышчальных збудаванняў паспяхова апрабаваны ў Беларусі дзякуючы пілотнай ініцыятыве, рэалізаванай ва Уздзенскім і Браслаўскім раёнах.

У парку Горні Лідскага раёна адкрыты першы ў краіне рэгіянальны лясны экалагічны адукацыйны цэнтр.

Распрацаваныя комплексныя турпакеты для заказнікаў «Азёры» і «Налібоцкі». Створаны сайт www.itourist.by з базай экатурыстычных паслуг Беларусі. Адкрыты ўнікальны Цэнтр міфалагічнага турызму, у аснове якога — унікальны і багаты свет беларускай міфалогіі.

Падрыхтаваныя ўмовы для стварэння сістэмы збору дзікарослых ягад і грыбоў і комплексу па іх замарозцы ў заказніку «Налібоцкі».

У Мар’інагорскай гімназіі з’явіўся першы ў Беларусі «зялёны» дах, а ў Гомелі адкрылася лінія па вытворчасці першага ў рэспубліцы экалагічна бяспечнага антыфрызу.

У Барысаўскім і Крупскім раёнах пачала працаваць комплексная сістэма збору і перапрацоўкі адпрацаваных машынных алеяў.

У Хойніках створаныя ўмовы для поўнай утылізацыі адходаў малочных прадпрыемстваў шляхам іх далейшай перапрацоўкі ў гатовы прадукт з высокай дабаўленай вартасцю.

Сельгасвытворцы Смаргонскага, Ашмянскага і Валожынскага раёнаў пераходзяць на еўрапейскія стандарты вядзення арганічнай сельскай гаспадаркі. Плошчы, занятыя арганічнай сельскай гаспадаркай, тут павялічаныя на 43 га.

У Чэрвеньскім раёне створаная ўнікальная мабільная тэхналагічная ўстаноўка па вытворчасці арганамінеральных угнаенняў з даступнай біямасы.

У Смалявіцкім раёне з’явіліся тры дэманстрацыйныя пляцоўкі па арганічным земляробстве, дзе вырошчваецца экалагічна бяспечная прадукцыя для школьнага харчавання, а таксама папулярызуецца ўстойлівае землекарыстанне.

Важным напрамкам праекта стала інфармацыйная падтрымка ідэй «зялёнай» эканомікі. Дапрацаваны партал «Зялёная карта» (greenmap.by). Ва ўсіх абласцях краіны ўсталявана 45 білбордаў па тэматыцы «зялёнага» транспарту, раздзельнага збору адходаў і энергаэфектыўнасці. Распрацаваная гульня для мабільных тэлефонаў «Зялёная эканоміка», а таксама тры ролікі сацыяльнай рэкламы, якія транслююцца па нацыянальных тэлеканалах і ў грамадскім транспарце.

У выніку рэалізацыі праекта створана 50 новых «зялёных» працоўных месцаў, магчымасці дадатковага заробку атрымалі 270 чалавек.

Кантакты:

Вольга Чаброўская, менеджар праекта

+375 29 684 69 63, volha.chabrouskaya@undp.org

Спасылка ў інтэрнэце: http://greenlogic.by/structure_p_9.html

Дакументы: 

attach.png Мапа раёнаў рэалізацыі праекта