Мясцовая ініцыятыва ўключала розныя мерапрыемствы па адаптацыі горада да змянення клімату і скарачэнні выкідаў парніковых газаў, так як была распрацавана ў рамках удзелу горада ў Пагадненні мэраў па энергіі і клімату.
Важным кампанентам ініцыятывы стала сістэмнае азеляненне горада. Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі прайшлі навучанне па ландшафтным дызайне, з прыцягненнем экспертаў і жыхароў горада была распрацавана канцэпцыя азелянення Чавус. На аснове праведзенага аналізу былі праведзены пасадкі зялёных насаджэнняў. Усяго было высажана 6 000 саджанцаў.
Асноўная частка саджанцаў аздобіла новы жылы мікрараён, што ў будучыні дапаможа стварыць тут не толькі прыгожы пейзаж, але і будзе садзейнічаць паглынанню парніковых газаў і ставараць цень у спякотныя дні.
Дзякуючы ініцыятыве была вырашана праблема адсутнасці веласіпеднай і пешаходнай дарожак, якія б звязвалі новы мікрараён з цэнтральнымі часткамі горада. Яшчэ год таму да бліжэйшай школы ці магазіна жыхары маглі дабрацца толькі праз поле, што ў дрэннае надвор’е азначала шпацыр па гразі і лужынах. Новыя дарожкі абсталяваныя 17 велапаркоўкамі, 12 ліхтарамі на сонечных батарэях, лаўкамі для адпачынку.
Чавускі райвыканкам актыўна прыцягваў да ўдзелу ў ініцыятыве жыхароў Чавус: праводзіліся адукацыйныя мерапрыемствы, экалагічныя акцыі, Дні энергіі і конкурсы.
19 красавіка чырвоную стужку перад новай веладарожкай разрэзаў старшыня Чавускага райвыканкама Сяргей Драздоўскі і прэс-сакратар МГА “Экапартнёрства” Алеся Чумакова.

Пасля ўрачыстых слоў пра важнасць удзелу горада ў Пагадненні мэраў і асабістага ўнёску кожнага жыхара ў скарачэнне выкідаў парніковых газаў па веладарожцы пракаціліся юныя веласіпедысты, дэманструючы перавагі экалагічнага транспарта.
Мясцовая ініцыятыва з’яўляецца часткай праекта “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца МГА “Экапартнёрства”.



