6 лістапада ў Волме Дзяржынскага раёна адкрыўся навучальны цэнтр «ЭкаТэхнаПарк – Волма» у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці, аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстання і распаўсюджвання «зялёных» тэхналогій.
У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас і кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын.
У галіне энергетыкі рэсурсны цэнтр у Волме – адзіны ў краіне. Перавага цэнтра заключаецца ў тым, што кожны аб’ект тут абсталяваны рэальнымі кампанентамі кіравання энергіяй і цяплом. Тут выкарыстоўваюцца як традыцыйныя, так і аднаўляльныя крыніцы энергіі. Гэта свайго роду «разумная» тэрыторыя, якая кіруецца з дапамогай сучасных праграмных прадуктаў, дасягаючы энергаэфектыўнасці. Навучаць у цэнтры плануюць студэнтаў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных, вышэйшых навучальных устаноў.
Дзякуючы абсталяваным лабараторыям тут можна вывучаць выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі ў жыллёва-камунальным сектары, сучасныя сістэмы водазабеспячэння і водаадвядзення, комплекс «разумны дом» з сучаснымі сістэмамі пажарнай сігналізацыі, асвятленнем, ацяпленнем, сістэмай кандыцыянавання і г. д.
– Проста атрыманне ведаў без іх практычнага прымянення сёння не актуальна, – адзначыў прэм’ер-міністр Беларусі. – Вышэйшая адукацыя сёння – гэта база для таго, каб потым пастаянна самаўдасканальвацца, атрымліваць дадатковыя веды. Важна, каб людзі, якія атрымалі добрую базу і ўжо працуюць па спецыяльнасці, маглі павышаць свае кампетэнцыі і авалодваць новымі.
Андрэа Віктарын адзначыла, што ЕС падтрымлівае стварэнне 6 такіх цэнтраў у Беларусі.
Падчас цырымоніі Сяргей Румас і Андрэа Віктарын адкрылі мемарыяльны знак, прысвечаны стварэнню цэнтра.
Адкрыццё цэнтра адбылося ў рамках праграмы ЕС па працаўладкаванні і прафесійнай адукацыі і навучанні ў Беларусі з бюджэтам 11,5 млн. еўра – самай вялікай праграмай адукацыі, якую ЕС калі-небудзь падтрымліваў у Беларусі. З аднаго боку, яна заклікана дапамагчы працадаўцам атрымаць персанал з адпаведнымі кампетэнцыі і навыкамі. З іншага – праграма дапаможа маладым людзям прымаць абгрунтаваныя рашэнні пры выбары прафесіі і будучай кар’еры, а для дарослых спецыялістаў створыць магчымасці для бесперапыннага навучання і самаўдасканалення.
Стварэнне мультысектарнага навучальнага цэнтра «Волма» з’яўляецца адным з першых і найбольш важных вынікаў гэтай праграмы. Цэнтр дазволіць стажорам развіваць навыкі, веды і кампетэнцыі, неабходныя для абслугоўвання сучасных рэсурсаэфектыўных працэсаў і тэхналогій.
15.11.2018