image2 27.07.2020

ЕC, ПРААН і Мінэканомікі правядуць пілотную працэдуру ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння законапраекта аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» прыступіў да правядзення пілотнай працэдуры ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння законапраекта «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Гэтыя захады дадуць магчымасць вызначыць ступень уплыву законапраекта на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, інвестыцыйную прывабнасць і канкурэнцыю, а таксама зрабіць унёсак у папулярызацыю працэдуры ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння ў Рэспубліцы Беларусь.

Правядзенне пілотнай працэдуры ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння дапаможа выпрацаваць прапановы, накіраваныя на эфектыўнае рашэнне праблем у сферы працаўладкавання і сацыяльнай інтэграцыі асоб з інваліднасцю з улікам інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання.

«Прававое рэгуляванне павінна забяспечваць працаўладкаванне людзей з інваліднасцю і гарантаваць іх правы і інтарэсы ў працоўнай сферы. Разам з тым нельга забываць і аб уздзеянні норм Закона на бізнес. У ходзе правядзення пілотнай працэдуры ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння неабходна вызначыць выдаткі суб’ектаў гаспадарання на выкананне абавязацельстваў, прадугледжаных законапраектам, і прапанаваць нормы, аптымальныя як для бізнесу, так і для асоб з інваліднасцю. Гэта павысіць давер грамадзян і бізнесу да прыманых прававых рашэнняў», ‒ пракаментавала Ірына Сідарчук, эксперт праекта, намеснік дырэктара па навукова-метадычнай рабоце ІІТ БДУІР, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт.

Праект «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.