image2 29.03.2019

У Глыбокім адкрылі геліясістэму і цеплавы насос для гарадской лазні

На гарадской лазні горада Глыбокае Віцебскай вобласці ўсталявалі геліясістэму і цеплавы насос, з дапамогай якіх будзе падагравацца вада для патрэб сацыяльнага аб’екта. Усталяванне ўзнаўляльнай крыніцы энергіі стала магчымай, дзякуючы ўдзелу Глыбокага ў Пагаденні мэраў і пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Энергетычная мадэрнізацыя грамадскай лазні стала адным з мерапрыемстваў мясцовай ініцыятывы Глыбокскага раённага выканаўчага камітэта ў рамках праекта “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, фінансуемага Еўрапейскім саюзам.

IMG_5260.JPG

20 сонечных калектараў, усталяваных на даху будынка, дазволяць награваць 9 куб.метраў вады ў суткі, што будзе задавальняць 50% патрэб лазневага комплекса ў гарачай вадзе.

IMG_5281.JPG

У перспектыве энергія, атрыманая з дапамогай сонечных калектараў, таксама будзе выкарыстоўвацца для падагрэва вады ў басейнах, размешчаных у лазні. Мантаж сонечных батарэй быў завершаны ў лютым 2019 года. У сакавіку яны працуюць у тэставым рэжыме.

IMG_5277.JPG

Дадаткам да геліясістэмы стала ўсталяванне цеплавога насоса, які дапамагае падаграваць ваду ў пахмурныя дні.

IMG_5267.JPG

Новаўвядзенне дазволіць панізіць аплату за паслугі лазні з 6,5 да 5,3 рублёў за сеанс. У месяц паслугамі лазні карыстаюцца каля 900 чалавек.

Таксама мясцовая ініцыятыва па Пагадненні мэраў Глыбокскага райвыканкама ўключала шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне ведаў жыхароў аб энергазберажэнні і змяненні клімату. У 2018 годзе былі праведзены Дні энергіі для розных груп жыхароў ад дырэктароў установаў адукацыі, супрацоўнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і розных прадпрыемстваў горада да пенсіянераў. У іх прымалі ўдзел эксперты па энергазберажэнні, якія адказвалі на пытанні ўдзельнікаў і давалі рэкамендацыі, як зрабіць свой дом або працоўнае месца больш энергаэфектыўным.

IMG_5314.JPG

26 сакавіка 2019 года прайшла заключная акцыя мясцовай ініцыятывы, падчас якой навучэнцам Глыбокскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя паказалі геліясістэму і абмеркавалі вынікі ініцыятывы. Сярод удзельнікаў акцыі былі адзначаны старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч і намеснік старшыні Глыбокскага райвыканкама Таццяна Тарасевіч, а таксама каардынатар праекта “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі Вольга Кузьміна.

IMG_5303.JPG

– Я спадзяюся, што наша ініцыятыва стане не толькі першым крокам Глыбокага ў Пагадненні мэраў, але і дазволіць знізіць выдаткі жыллёва-камунальнай гаспадаркі на абслугоўванне лазневага комплекса, а таксама дапаможа зэканоміць грошы нашым грамадзянам, – падкрэсліла Галіна Унуковіч.

Мясцовая ініцыятыва ў Глыбокім стала адной з дзесяці, рэалізаваных у рамках праекта “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, фінансуемага Еўрапейскім саюзам. 

IMG_5262.JPG

Праект рэалізуецца МГА “Экапартнёрства” у 2016-2020 гадах. Дзякуючы іншым мясцовым ініцыятывам праекта, у Кобрыне адкрылі веладарожку, у Чавусах пачалі выкарыстоўваць тэхналогіі гарадскога азелянення ў жылым раёне, у Брэсце мадэрнізавалі тры кацельныя, была праведзена вялікая колькасць інфармацыйных і адукацыйных мерапрыемстваў па пытаннях энергзберажэння і змянення клімата для жыхароў.